Архив новостей
прихода храма
Новости Православной Церкви
23 декабря 2016 года
Дух мацуецца верай
20 снежня ў тэрытарыяльным цэнтры адбылася традыцыйная сустрэча прадстаўнікоў улады са святарамі. Ксяндзы, пастыры і бацюшкі актыўна вялі дыялог з выступоўцамі свецкіх структур. У рабоце прымала ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Стальмачонак.
У раёне восем праваслаўных служыцеляў, адзін стараабрадавы, 11 каталіцкіх, пяць пастыраў. Выхаванцаў прымаюць 7 нядзельных школ,--прывяла статыстыку намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аксана Ашурка.
Начальнік аддзела загс Вольга Галімбоўская расказала пра гісторыю падначаленай структуры, да якой шлюбы рэгістраваліся ў храмах і заносіліся ў мятрычныя кнігі. Гэтыя дакументы сёння адзіная крыніца для аднаўлення радаслоўнай і захоўваюцца ў нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. Што да статыстыкі, якую таксама вядзе загс, у 2016-м у раёне зарэгістравана 102 шлюбы, 188 нараджэнняў. Памерла 433 чалавекі.
Са слоў галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Валянціны Пятровай, у раёне 145 дзяцей з 73 сямей ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Стопрацэнтная прычына - п’янства. За апошнія дзесяць гадоў ад бацькоў забрана 208 малых, 135 з іх вернуты, многіх прытулілі замяшчальныя сем’і, дамы дзіцячага прытулку. На сёння ў нас 14 сірот, прычым двое біялагічных, астатнія сацыяльныя, значыць, з-за непрыстойных паводзін бацькоў. Ад траіх немаўлятак адмовіліся ў радзільні. Па якіх крытэрыях адбіраюць з сямі’ дзяцей? - пытаўся ксёндз. - Па самых чалавечных і дэмакратычных, кардынальныя меры прымаюцца толькі пры рэальнай пагрозе жыццю і здароўю малых, - адказвала спецыяліст.
Прадстаўнік вертыкалі Таццяна Стальмачонак заўважыла, што самая вялікая праблема ў безадказнасці бацькоў. Часам даказваеш ім простыя ісціны, яны раўнадушна ківаюць галавой і зноў робяць па-свойму.
Спецыяліст тэрытарыяльнага цэнтра Таццяна Шульга гаварыла пра шматлікія гурткі, заняткі і клубы для маладых інвалідаў. У “Талацэ”, напрыклад, яны адно аднаму дапамагаюць, у “Лаўцы цудаў” штукараць розныя дзівосы, разам вандруюць, сустракаюцца з цікавымі людзьмі і святарамі, удзельнічаюць у творчых і спартыўных конкурсах , арганізуюць персанальныя выставы ў раённым музеі, а ў гуртку “Фотапалітра” практыкуюцца з выявамі.
Дырэктар карэкцыйнага цэнтра Святлана Бакевіч расказала, што ў іх установе выхоўваюцца дзеці, якія па прычыне асаблівасцяў развіцця не могуць наведваць садок і агульнаадукацыйную школу. Яны тут да паўналецця, потым пад крыло прымае тэрытарыяльны цэнтр. Святлана Бакевіч аб’явіла пра рамонт веранды карэкцыйнай установы, і нераўнадушныя святары гатовы дапамагчы. Кожны прысутны ад выхаванцаў атрымаў самаробнае сэрцайка з пажаданнем.
Загадчыцца аддзела бібліятэчнага маркетынгу Таццяна Цыцыліна пазнаёміла з рэлігійнай літаратурай, якая паступае з выдавецтва “Беларускі экзархат”. Як разумець малітву, змагацца з надакучлівымі думкамі, пазбавіцца ад залежнасці? На гэта і іншае адказваюць хрысціянскія кнігі.
Навучанне выхаванцаў нядзельнай школы асвятліла яе выкладчык Таццяна Пацеенак. Відэакадры перанеслі прысутных ва ўтульныя пакоі праваслаўнай установы, дзе вывучаюць Закон Божы, Свяшчэннае Пісанне, біблейскія гісторыі, царкоўнаславянскую мову. У пазакласным ладзе - вандроўкі, фестывалі, гатаванне трапез.
“Мы разам зможам усё. Нам няма чаго дзяліць”, - праз сустрэчу чырвонай ніткай праходзіла гэтая паяднальная думка з вуснаў святароў розных канфесій і раённага кіраўніцтва.
Алена Басікірская.
Фота Казіміра Блажэвіча.