Архив новостей
прихода храма
Новости Православной Церкви
Полоцкая Епархия
12 августа 2017 года
 
Душа ачышчаецца споведдзю
  У вёсцы Крулеўшчына Докшыцкага раёна прайшоў фестываль праваслаўнай моладзі "Пакуль мы маладыя". Ён сабраў больш за 100 удзельнікаў. Яны маліліся Богу, спявалі песні, наведваліся з экскурсіямі, а фінальным акордам стала сустрэча з архіепіскапам Полацкім і Глыбоцкім Феадосіем. З Міёр на мерапрыемстве пабывалі панамар храма, супрацоўнік гісторыка-этнаграфічнага музея Аляксандр Рынкевіч і карэспандэнт газеты.
Арганізавалі злёт Аляксандр Плыгаўка, Аляксандр Зіноўеў і іншыя актывісты з садружнасці праваслаўнай моладзі, якая заснавана пры Полацкай епархіі.
Сёлета гэтаму саюзу спаўняецца 10 гадоў, таксама як і фестывалю, які спачатку праходзіў у горадзе, але шэсць гадоў таму "асеў" у Крулеўшчыне. Па-першае, заманіла прырода. Па-другое, эканомія сродкаў. Рассяляюцца ўдзельнікі ў прыхажан, гатуюць ежу сёстры міласэрнасці, а на прадукты выдаткоўваюцца грошы з акцый, якія праводзіць садружнасць моладзі.
  Фестываль мае сваю атрыбутыку. На лагатыпах, бэйджах і сцягах - беларуская мова, а арганізатары апрануты ў нацыянальныя льняныя кашулі.
  Паколькі мерапрыемства "прапісалася" ў сельскай мясцовасці, хочацца адпавядаць народнаму стылю", - тлумачыць Аляксандр Зіноўеў, які стаіць ля самых вытокаў маладзёжнага злёту. Ідэя яго правядзення запазычана ў Курску, дзе бывала полацкая дэлегацыя.
  Як звычайна, чацвёрты фестывальны дзень пачаўся з ранішняй службы. Кветкамі ўдзельнікі сустракалі архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія. Пасля малебну ён гутарыў у фармаце "круглага стала". Уладыка прызнаўся, што сучасную моладзь у цэлым  ён лічыць прыстойнай. Пры мностве спакус і выклікаў прагрэсу яна будуе сем'і, добра вучыцца, якасна працуе...
  Кожную сваю пропаведзь архіепіскап грунтаваў на рэчаісных прыкладах. Верагодна, каб у сям'і ці калектыве людзі змоўклі? Не натуральна. Таксама і размаўляць з Богам трэба кожны дзень. Мыем вопратку, цела. А душа ачышчаецца споведдзю і прычасцем. Апанаваў дрэнны настрой і няма ахвоты да жыцця? Гэта першая прыкмета забруджання душы. Ёсць выслоўе: ўсіх людзей папрасіў, толькі на Божую Маці забыўся. "Калі ў чалавека Бог на першым месцы, усё астатняе ўладкоўваецца само сабой", - вучыў Уладыка.
Як сімвал міру, веры і еднасці, у завяршэнні фестывалю ў неба ўзляцелі галубы. Доўга кружылі над царкоўным купалам. Разнясуць добрую вестку па ўсім свеце, што докшыцкі фестываль збірае сяброў, якія ўслаўляюць Бога.

Алена Басікірская

Фотарэпартаж з фестывалю праваслаўнай моладзі ў Крулеўшчыне.