Архив новостей
прихода храма
Новости Православной Церкви
Полоцкая Епархия
 
  Дзісна лічыцца самым маленькім горадам Беларусі. Але кожны год 10 жніўня  яна збірае вялікую колькасць людзей. У гэты ўтульны куточак на планеце з’язджаецца  народ  як з блізкага, так  і з далёкага замежжа, каб пакланіцца цудатворнаму абразу іконы Божай Маці “Адзігітрыя”.
  Ікона гэта вельмі старажытная. Паводле падання, яна прыплыла да нас па рацэ Дзвіна і да сённяшняга дня  захоўвалася  спачатку ў Свята-Адзігітрыеўскай царкве, а апошнія гады ў Свята-Уваскрэсенскім храме. А ў 2012 годзе ікону адрэстаўравалі.
  У гонар Нябеснай Заступніцы і ў гэтым годзе было наладжана вялікае свята, якое пачалося яшчэ напярэдадні 9 жніўня а 17-ай гадзіне ў Свята-Уваскрэсенскай  царкве. А ўжо на наступны дзень а 7-ай гадзіне адбылося ўрачыстае Богаслужэнне спачатку ў Свята-Адзігітрыеўскай царкве, потым  працягвалася зноў у Свята-Уваскрэсенскім храме. Усе вернікі змаглі ўзяць   Святой вады, якая асвяшчалася ля двух храмаў.
Ужо каторы год запар Боскую Літургію ўзначальвае архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій. З кветкамі і вершамі сустракалі шаноўнага госця дзеці нядзельнай школы. Прысутнасць такой  высокай асобы надала літургіі асаблівую ўрачыстасць. Акрамя гэтага разам з Уладыкам Феадосіем на свята завіталі святары з розных прыходаў. Храм поўніўся прыхаджанамі: хтосьці прыйшоў са сваімі просьбамі да Божай Маці, хтосьці захацеў менавіта ў гэты дзень прычасціцца Святых Дароў, ачысціць душу перад Богам,паслухаць  спевы   ў  выкананні царкоўнага хору; многія прывялі ў храм дзяцей рознага ўзросту, каб  прывіць ім  хрысціянскія каштоўнасці.
  Па заканчэнні літургіі адбыўся малебен з чытаннем акафіста Божай Маці “Адзігітрыя”. Прыхаджане змаглі памаліцца за здароўе сваіх бліжніх, папрасіць заступніцтва ў Багародзіцы.
  Напрыканцы адбыўся Хрэсны ход, які расцягнуўся аж да Свята-Адзігітрыеўскай царквы. Зноў гучалі царкоўныя спевы,  віталі вернікаў і званары.  Кожны хацеў падысці пад ікону, бо лічыцца , што тады Маці Божая дапаможа ў добрых справах, вылечыць хваробы, вымаліць у Сына Свайго даравання грахоў.
У Свята-Адзігітрыеўскай царкве прайшло заключнае Богаслужэнне з чытаннем Святога Евангелля, і пасля ўсяго гэтага Хрэсны ход зноў вярнуўся ў Свята-Уваскрэсенскі храм.
  Урачыстасць закончылася, а на душы  застануцца ў кожнага прыемныя ўспаміны, надзеі на нешта лепшае, мір і супакаенне, любоў да людзей і да самога жыцця. Кожны атрымае нешта сваё, тое, у чым мелі патрэбу, аб чым прасілі…

Валянціна Кавалеўская, прыхажанка  Свята-Уваскрэсенскага  храма г. Дзісна.
Фота аўтара.
Свята ў Дзісне
14 жніўня 2015 года