Архив новостей
прихода храма
Новости Православной Церкви
18 марта 2019 года
Да выратавання праз веру і кнігу
Сустрэча-дыялог “Веру захоўвайце ў сэрцах…” прайшла ў раённай бібліятэцы ў Дзень праваслаўнай кнігі. Пагаварылі пра юбілейныя даты ў календары Беларускай Праваслаўнай Царквы, нагадалі пра карысць духоўнай літаратуры, задалі пытанні святару.
2019-ы ў Беларускай праваслаўнай царкве аб’явілі годам памяці Полацкага сабору. Сто восемдзесят год таму Уніяцкая царква ўз’ядналася з Праваслаўнай. Падзея звязана з імем Іосіфа Сямашкі. Мітрапаліт Літоўскі і Віленскі шмат зрабіў, каб вярнуць праваслаўе на землі Заходняй Беларусі, Літвы, Польшчы. У мінулым годзе споўнілася 220 год з дня нараджэння святара і 150, як завяршылася яго зямное жыццё.
У Полацкай епархіі сёлета ўшаноўваюць памяць Канстанціна Жданава. 29 красавіка 1919 года ў Дзісне шаркаўшчынскага святара замучылі камуністы. Да стагоддзя з дня яго пакутніцкай смерці прымеркаваны ўрачыстасці.
Берагчы дабрыню, не пускаць у душу зло і крыўду, быць чулым да бліжняга вучаць друкаваныя радкі. Гасцям паказалі відаэролік святара Андрэя Ткачова, аўтара кніг духоўнай тэматыкі. Як заўважае протаіерэй, можна чытаць розную літаратуру, але штораз трэба вяртацца да галоўнай - Бібліі. З яе пачынаецца выхаванне хрысціяніна.
Кнігу кніг дапаўняе іншая праваслаўная літаратура. З навінкамі ад Выдавецтва Беларускага Экзархату пазнаёміла бібліятэкар Іна Януковіч. Фонд бібліятэкі папоўнілі “Біблія для сямейнага чытання”, “Чытанне на кожны дзень Вялікага паста”, “Страва для душы. Сямейнае чытанне на кожны дзень года”, мастацкія творы.
Акрамя кніжных навінак прадставілі работы міярчаніна Дзмітрыя Віткоўскага. На палотнах - касцёлы, цэрквы, саборы Беларусі. Пяты год Дзмітрый займаецца ў рэабілітацыйна-працоўнай майстэрні “Лаўка цудаў” тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага асблугоўвання насельніцтва. Захапляўся выпальваннем па дрэве, ляпіў з гліны. Затым праявіліся мастацкія здольнасці. Акрылавымі фарбамі ці гуашшу малюе рэлігійныя архітэктурныя збудаванні беларускіх гарадоў. Сярод іх і міёрскія святыні.
Па традыцыі, напярэдадні мерапрыемства чытачы пісалі запіскі з пытаннямі благачыннаму Міёрскай акругі протаіерэю Віктару Вабішчэвічу. Цікавіліся, ці сумяшчальныя пакорлівасць і абарона сваіх правоў; як адзначаць дзень нараджэння, калі ён прыпадае на першы дзень паста; ці карае Бог дзяцей за грахі іх бацькоў. Разважалі разам са святаром. Айцец Віктар гаварыў пра выратаванне праз пакаянне і малітву, пра перавагу духоўнага над матэрыяльным. Адзін чалавек у сям’і шчырымі малітвамі можа паклапаціцца пра сваіх родных. На пытанне “Што такое вера?” святар адказаў лаканічна. Гэта нашы розум і свядомасць, наша выратаванне. Чалавек усведамляе, што не адзін, што ён пад Божай абаронай. Адсюль бяруцца сілы і ўпэўненасць. Толькі веру трэба падмацоўваць добрымі справамі.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.