Архив новостей
прихода храма
Новости Православной Церкви
11 ноября 2019 года
Юбілейны фестываль «Язненскі благавест» сабраў 14 нядзельных школ.
Дзень 5 лістапада ў Язне выдаўся пахмурным, дажджлівым. І цёплым. Не толькі таму што слупок тэрмометра паказваў больш за +10. Грэлі звонкія галасы і мудрасць, што злятала з дзіцячых вуснаў і западала ў душы гледачоў.
Свята яднае розум і душу
Пачынаецца фестываль з малебна ў мясцовым храме. Затым усе спяшаюцца ў сельскі Дом культуры.
На выставе ў фае - фотаздымкі яркіх фестывальных момантаў розных год. У падарунак кожнаму - кніга пісьменніка-земляка Славаміра Даргеля «С Господом в сердце». Прыехаў на свята сам аўтар.
- У мінулым годзе пабываў на фестывалі ўпершыню, -- расказвае пісьменнік. - Сёлета спецыяльна да юбілею «Язненскага благавеста» выдаў кнігу, дзе змешчаны вершы і апавяданні духоўнай тэматыкі. Мне гэта блізка. Героі маіх твораў часта звяртаюцца да Бога. Сам я ў храме чэрпаю натхненне. Такія мерапрыемствы, як гэты фестываль, вельмі патрэбны. Яны аб’ядноўваюць свецкую і духоўную школы. Гэта важна для гарманічнага развіцця дзіцячай асобы.
Залюбуешся вырабамі выхаванцаў нядзельных школ. Арыгамі, пано, карціны на спілах і іншая рукатворная прыгажосць. Цікавыя аплікацыі з дрэва прывезлі ўдзельнікі з вёскі Богіна Браслаўскага раёна.
-- На фестывалі першы раз. Рады тут пабываць, -- гаворыць настаўніца нядзельнай школы Аліна Насыр. - Шмат увагі надаём творчасці. Дзеці малююць, майструюць сувеніры. А яшчэ мы вельмі любім спяваць.
На сцэне ўдзельнікі з Богіна выканалі папуры песень пра веру, дабрыню і міласэрнасць.
Выступленню пастаўчан папярэднічала батлейка. Прытчу пра блуднага сына паказалі гасцям у фае.
З фотаапаратам назірала за ўсім Ірына Стома, адна з арганізатараў свята.
-- Кожны раз фестываль пакідае ў памяці светлыя, цёплыя і непаўторныя моманты, -- адзначае яна.
Са спадзяваннем на працяг
Каб таленты дзяцей запальвалі агеньчык веры ў людскіх сэрцах, пажадаў удзельнікам і гледачам архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Баніфатава адзначыла, што свята з невялікага ручайка разлілося ў шырокую раку і панесла дабрыню ў свет.
Гісторыю «Язненскага благавеста» прыгадалі яго заснавальнікі. Як расказаў Уладзімір Пашковіч, ідэя фестывалю ўзнікла падчас падрыхтоўкі да святкавання 110-годдзя мясцовага храма. Хацелася паказаць работу нядзельнай школы. Запрасілі гасцей з Міёр і Наваполацка. На другі год творчая сустрэча перарасла ў фестываль.
-- Грошай не было, але мы мелі моцнае жаданне праводзіць свята, -- працягвае старшыня Язненскага сельвыканкама Валянціна Фядзьковіч. - Самі рыхтавалі падарункі для ўдзельнікаў. Шукалі памочнікаў. Фестываль узяў пад крыло былы архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій.
У будучыні «Язненскага благавеста» не сумняваюцца настаяцелі мясцовага храма Праабражэння Гасподняга іерэй Сергій Гуцко і наваполацкага «Неспадзяваная радасць» протаіерэй Аляксандр Карандзей.
«И звучит в сердцах такая музыка, под которую рождается добро»
Вольных месцаў у зале не засталося. Некаторым выпала глядзець выступленні стоячы. Гэта не перашкаджала атрымліваць асалоду ад дзіцячай шчырасці, звонкіх галасоў і прыгожай музыкі.
Распачалі праграму выхаванцы нядзельнай школы язненскага храма Праабражэння Гасподняга. Яны ж сталі вядучымі юбілейнага фестывалю.
Усе выступоўцы заўважалі, што за час існавання фестывалю «Язненскі благавест» усе сталі адной вялікай і дружнай сям’ёй, з радасцю чакаюць новых сустрэч.
«Только добротой сердец,
Этот мир согреть мы сможем с вами», -- не раз прагучала са сцэны.
Па-рознаму расказвалі дзеці пра веру, міласэрнасць, удзячнасць, добрыя ўчынкі. Адны вершаванымі і песеннымі радкамі, іншыя праз інсцэніроўкі і танцы. Навапалачане чыталі прыгожыя вершы пра восень і спявалі пра сілу малітвы. Госці з Глыбокага адзначылі, што фестываль мацуе веру. Удзельнікі з Міёр паказалі лялечны спектакль «Велікодны калабок». Казка мела шчаслівы фінал. Пачынаць дзень з перамогі над сваімі страхамі і лянотай раілі выхаванцы нядзельнай школы з Расон.
Аддаючы ўсё лепшае іншым, не збяднееш, адзначылі браслаўчане. Гэта пацвердзілі сцэнкай госці з Шаркаўшчыны. Добрая ўдава аддала для пагарэльцаў шмат патрэбных рэчаў, а скупая - стары галёш. Калі абедзве засталіся без жылля, кожная атрымала назад свае ахвяраванні. Ісці дарогай дабра нагадвалі песняй удзельнікі фестывалю з вёскі Сітцы Докшыцкага раёна.
Для гасцей з аграгарадка Арэхаўна, што на Ушаччыне, гэты год таксама адметны. 200-годдзе адзначае храм святой вялікамучаніцы Параскевы, нядзельную школу пры якім наведваюць дзеці. На фестывалі выступілі з прэм’ерай песні пра святую Параскеву на словы і музыку мясцовых аўтараў.
Упершыню на свяце выхаванцы нядзельнай школы полацкага Богаяўленскага сабора. Паказалі казку пра дзяўчынку, якая сваёй дабрынёй заслужыла клопат і дапамогу лясных звяроў.
***
На працягу фестывалю з рук у рукі пераходзіла незвычайная пасылка. Унутры адной яркай каробкі - другая. І на кожнай напісана літара ці лічба. Напрыканцы каробкі-кубікі саставілі ў патрэбным парадку. Атрымалася - БЛАГАВЕСТУ - 10!
У апошняй самай маленькай каробачцы знайшлі званочак - сімвал фестывалю. Няхай звініць яшчэ доўга-доўга!
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
«Язненскі благавест»
З верай, дабрынёй і творчасцю - 10 год