У нядзельнай школе міёрскай царквы дзейнічае клуб “Азбука праваслаўя”. Яго ўдзельнікі - наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН. На чарговай сустрэчы гаварылі пра пост і пакаянне.
“Пра пост, пра грахі, пра пакаянне” - так акрэслілі тэму для размовы. Святу Хрыстовага Нараджэння папярэднічае пост, які пачынаецца 28 лістапада. Падчас навагодняй мітусні не трэба забываць пра духоўнае ўдасканаленне. Як паводзіць сябе ў гэты перыяд, расказвала гасцям настаўніца нядзельнай школы Таццяна Пацеенак. Нагадала, што сутнасць паста не толькі ў абмежаванні ў ежы. Перш-наперш важна клапаціцца пра ачышчэнне душы. Больш часу праводзіць у малітве, сачыць за сваімі паводзінамі і думкамі, менш грашыць і шчыра каяцца. Расповяд перайшоў у дыялог. Задавалі шмат пытанняў. Каб замацаваць матэрыял, настаўніца правяла тэматычныя віктарыны. Практычная частка сустрэчы - прыгатаванне посных страў. Разам крышылі капусную салату, рабілі цеста і начынне для бульбянікаў. На чаяпіцце завіталі Дзед Мароз са Снягуркай, усім прынеслі падарункі.