У восьмы раз “Язненскі благавест” абвясціў пра чуласць, міласэрнасць і дабрыню.
Дзясяткі кіламетраў аддзяляюць Язна ад Расон, Браслава, Пастаў, Верхнядзвінска. Штогод удзельнікі свята адпраўляюцца ў дарогу, каб падарыць часцінку радасці і цяпла. Фестывальная сустрэча праходзіла пад дэвізам “Перамагай зло дабром” і сабрала адзінаццаць нядзельных школ.
Прывітальнае слова Пасля малебну ў царкве ўдзельнікі фестывалю і гледачы занялі месцы ў зале Язненскага сельскага Дома культуры. Не будзь пераможаны злом, але перамагай зло дабром. Нагадаў біблейскія радкі вядучы свята Уладзімір Пашковіч. Штодня на вуліцы, на працы, а то і дома сустракаемся з грубасцю, злосцю, раздражняльнасцю. Як захаваць у гэтым недасканалым свеце сапраўдныя каштоўнасці - справядлівасць, гуманнасць, дабро? Памятаць Хрыстовы запавет: “Палюбі бліжняга свайго, як самога сябе”. Пра малітву і добрыя справы гаварыў благачынны Міёрскай акругі Віктар Вабішчэвіч. Пакайся ў грахах на споведзі ў царкве, папрасі прабачэння за крыўды ў людзей і прабач сам. Так пачынаецца ачышчэнне душы. "Веру, надзею і любоў дораць такія сустрэчы, як “Язненскі благавест”, - заўважыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Баніфатава. Падзякавала ўдзельнікам і падкрэсліла, што дабро робяць людзі з добрым сэрцам.
Вечная памяць На цёплай сустрэчы ўшанавалі памяць протаіерэя Анатоля Іванова, благачыннага Браслаўскай акругі. Зямны шлях святара завяршыўся сёлета 25 жніўня. Два гады - з 1996-га па 1998-ы - Анатоль Іваноў быў настаяцелем царквы Ператварэння Гасподня ў Язне. Светлая памяць застанецца ў сэрцах прыхаджан. “Пусть главным уроком будет урок доброты” Пра дабрыню і міласэрнасць, веру і надзею расказвалі выхаванцы нядзельных школ. Выступленні запамінальныя, цікавыя, глыбокія. Іх адрознівалі сюжэты і аб’ядноўвала галоўная думка, якую можна акрэсліць песенным радком “Пусть главным уроком будет урок доброты”. Пра спрэчку дабра і зла гаварылі вучні нядзельнай школы царквы Нараджэння Іаана Прадцечы з аграгарадка Круляўшчызна Докшыцкага раёна. Зло вабіць карыслівасцю, уладай, матэрыяльнымі выгодамі. Дабро дорыць любоў і захоўвае душу чыстай і светлай. Юныя госці з Расон упэўнены, што да перамогі над злом патрэбны добрае сэрца і страх божы. Да глыбіні закранула песня пад гітару пра тое, што не купіць і не адняць. Блакіт нябёс, купал царквы, бабуліны казкі, дзядулевы медалі. Хто чым багаты, тым і дзеліцца. Вучыць прытча пра вядро з яблыкамі, якую расказалі выхаванцы нядзельнай школы браслаўскага Свята-Панцеляймонаўскага манастыра. Зайздросніца пакінула ў двары суседкі вядро з брудам. Тая памыла яго, насыпала яблыкаў і занесла назад. Самае галоўнае - перамагчы зло ў сабе. Такі лейтматыў выступлення ўдзельнікаў з Верхнядзвінска. Пастаноўка пра злога хлопчыка, які выратаваў птушанят, сведчыць пра сілу дабра. Знаходзячыся паміж дабром і злом, кожны сам вырашае, чаму аддаваць перавагу. Пра маральны выбар на гістарычным прыкладзе расказалі выхаванцы школы пры царкве Святой Параскевы з вёскі Пліса Глыбоцкага раёна. Прыгадалі царскую сям’ю Раманавых, якая засталася вернай дабру і дараванню. Вершам пра выпадак на вайне, калі савецкі салдат выратаваў ворага, падкрэслілі: “главный бой - за звание человека”. Дабру і міласэрнасці вучыла тэатралізаваная пастаноўка вучняў нядзельнай школы іконы Божай Маці “Неспадзяваная Радасць” з Наваполацка. Хлопчык вымушаны прасіць міласціну, каб дапамагчы хворай маці. Сустрэўшыся з чэрствасцю і раўнадушшам, не страчвае веру ў Бога і людскую дабрыню. Госці фестывалю з Пастаў паказалі гісторыю пра грыб-мухамор. Ён толькі з’явіўся на свет, радуецца блакіту нябёс і засмучаецца, што ядавіты. “Любоў ператварае яд у лекі”, -- нагадвае простая гісторыя. “Давайте все мы будем человечнее. Лишь доброта сумеет мир спасти”, -- дружна спявалі выступоўцы з Шаркаўшчыны. Выхаванцы міёрскай нядзельнай школы паказалі казку “Велікодны калабок” пра веру і ўзаемадапамогу. Язненцы расказалі “Снежную каралеву” Г. Андэрсэна без савецкай цэнзуры: Герда шукае з Кая з малітвамі, ёй дапамагаюць анёлы, а дома бабуля чакае дзяцей за чытаннем Евангелля. Пра перамогу дабра была казка ў гасцей з Глыбокага, у якой Бог ператварыў ганарыстыю ружу ў кактус. Ад добрых казачных гісторый, простых зразумелых слоў і звонкіх дзіцячых галасоў цяплела на душы. Нават пранізлівы вецер на вуліцы падаўся не такім халодным.
Дзіцячай рукой ствараецца цуд Творчая выстава “Нашы добрыя справы” ўражвала не менш, чым выступленні на сцэне. Выхаванцы нядзельных школ прадставілі вырабы ў розных тэхніках і напрамках. Цацкі-цільды, аплікацыі, тапіарыі, жывапіс, вышыўка, арыгамі, бісерапляценне. Граматай за творчы падыход да цыкла карцін “Дарога да храма” адзначылі нядзельную школу міёрскай царквы Палажэння Рызы Прасвятой Багародзіцы ў Влахерне. Выявы цэркваў выкананы з абрэзкаў тканіны. Выхаванцы нядзельнай царквы з Круляўшчызны адраджаюць тэхніку беларускага дывана. Асобнае месца займалі работы Ганны Альхімовіч. Аня вучыцца ў 10 класе Язненскай школы і з дзяцінства наведвае нядзельную школу пры мясцовай царкве. На занятках вывучаюць закон Божы і асвойваюць розныя віды творчасці. Аня малюе і вышывае. Любіць прыроду, таму часта адлюстроўве ў сваіх работах пейзажы, жывёл і кветкі.
“Акажам дапамогу сябру!” Добрай традыцыяй фестывалю “Язненскі благавест” стала дабрачынаннасць. Сёлета акцыя “Акажам дапамогу сябру!” праводзілася ў падтрымку Аляксандра Лінкевіча. Хлопцу 24 гады. Родам з Язна. У сакавіку гэтага года атрымаў вытворчую траўму падчас будаўнічых работ. Упаў з 12-мятровай вышыні. Не можа хадзіць. Патрэбны сродкі на далейшае лячэнне і рэабілітацыю. Госці і ўдзельнікі свята не праходзілі міма скрыні для ахвяраванняў. Дапамагчы Аляксандру можна кожны. Дабрачынны рахунак: № BY75 AKBB 3134 0000 1082 95 42 0209BYN Линкевич Мария Ивановна.
Кацярына РЫНКЕВІЧ. Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.