Архив новостей
прихода храма
Новости Православной Церкви
29 мая 2018 года
У мінулую нядзелю ў царкве ў вёсцы Лявонпаль адбылася служба, якая стала асабліваю. І нагода для таго значная, пра што - крыху ніжэй.
Варта нагадаць, што храм пабудаваны яшчэ ў 1774 годзе з ініцыятывы тагачаснага ўладальніка мястэчка Лявонпаль графа Лапацінскага. Царква, на той час уніяцкая, была збудаваная з дрэва без аніводнага металічнага цвіка. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя стала праваслаўнаю. І ўвесь час да нашых дзён царква, асвечаная ў імя Святой Тройцы, не зачынялася, несла люду Лявонпаля і ваколіцаў не толькі Веру ў Уваскрослага Хрыста - нясе святло, цеплыню і надзею на дзень заўтрашні. І цяпер, калі слаўнае ў мінулым мястэчка перажывае зусім не лепшыя часы, калі змяншаецца колькасць мясцовых жыхароў, Свята-Траецкая царква разам з сельскім цэнтрам вольнага часу (клуб, бібліятэка і Музей Радзімазнаўства) застаюцца апошнімі апірышчамі і агменямі ў паселішчы з тысячагадовай гісторыяй. Нават маладзейшыя землякі кажуць: “Застанецца царква, якая і нас перажыве, - стаяць будзе, і службы будуць праходзіць”.
Тут да месца працытаваць верш (які стаў песняй) краязнаўцы і паэта з суседняга Верхнядзвінска Антона Бубалы “Вальс-успамін”:
Ты прыціхла, прымоўкла, мястэчка,
У самотным застыла паўсне.
Адплыла маладосць твая рэчкай,
Не пазнаеш сябе у Дзвіне.
Гэта пра нашае мястэчка, пра нашую мінуўшчыну, дзе нарадзіўся ды ўзгадоўваўся і аўтар гэтых радкоў, адкуль родам ці дзе жывуць сёння і чытачы гэтага артыкула.
Кожная ўрачыстасць тут - вялікае свята, усплёск, зарад, нагода для згадак на месяцы. У гэтую ж нядзелю раздзяліць радасць Пяцідзясятніцы да нас прыехаў архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій. Гэта не першае адведванне лявонпальскага храма высокім госцем, але кожны візіт - падзея для лявонпальцаў.
Напярэдадні Тройцы прыхаджанкі прыгожа прыбралі храм, ад уваходнай брамы аздобілі адмысловую сцяжыну з аеру, бярозавых галінак і кветак.
…І ў нядзелю Ўладыка прыехаў. Яго віталі дзясяткі чалавек, не толькі сённяшнія жыхары Лявонпаля, праехалі дзеці і ўнукі колішніх местачкоўцаў, жыхары суседніх вёсак, райцэнтра, прыйшлі дачнікі, якіх штогод шмат у Лявонпалі. Прывіталі архіепіскапа Феадосія царкоўны стараста Марыя Сушко і дочкі цяперашняга настаяцеля Свята-Траецкай царквы айца Васіля (Пашкевіча) Ніка і Даша. Уладыка атрымаў у падарунак каравай і кветкі, аддзячыў шакаладкамі. І па-простаму зазначыў: “Цяпер, калі мы сустрэліся, што трэба рабіць?” Дзяўчынкі адказалі: “Маліцца”. - “То хадземце ўсе ў храм!”
Пачалася Боская Літургія. Яе служыў архіепіскап Феадосій у саслужэнні настаяцеля храма іерэя Васіля Пашкевіча, а спяваў хор Сабора Нараджэння Прасвятой Багародзіцы г. Глыбокага. Гучалі адпаведныя святу трапары, кандакі. Закончыўшы святочнае богаслужэнне ў Міёрскім храме, да святочнай урачыстасці ў Свята-Траецкай Лявонпальской царкве далучыўся благачынны Міёрскай акругі протаіерэй Віктар Вабішчэвіч.
Пасля Літургіі з харугвамі ды абразамі людзі выйшлі на вуліцу і тройчы крэсным ходам абышлі царкву. Прыпыняліся пры сценах старадаўняй святыні, гучалі малітвы, спевы, віншаванне са святам Тройцы, акрапленне вадою. Звяртаўся Ўладыка Феадосій да адзінаверцаў на беларускай і рускай мовах. Падышла працэсія і да магілаў на царкоўным цвінтары. Тут захаваліся некалькі пахаванняў ХІХ стагоддзя, а нядаўна пры сценах храма знайшлі спачын протаіерэй Мікалай Мелях, які ўзначальваў прыход цягам паўстагоддзя, і матушка Марыя Мелях.
У царкве пасля крэснага ходу архіепіскап Феадосій выступіў з пропаведдзю. Спачатку ён спыніўся на гісторыі з’яўлення і сутнасці свята Пяцідзясятніцы, Тройцы. А затым падзяліўся меркаваннямі, як варта жыць паводле Веры, на што не забывацца звяртаць увагу.
- Неабходна памятаць, што надзвычай важныя кожнаму споведзь і прычашчэнне. Гэта ачышчэнне душы чалавека. Я заўсёды прыводжу такі прыклад. Можна апрануць бялюткую кашулю, штодня ў ёй хадзіць, імкнуцца насіць яе беражліва, каб не запляміць, не парваць... Але ж што з ёй стане праз месяц? Так і душа нашая - як бы мы не аберагалі, як бы не трымаліся ўбаку ад бруду, белізна ператвараецца на шэрасць. Як мы кашулю мыем, гэтак і душу трэба ачышчаць. Каб у Царства Божае прыйсці з чыстаю душою. Без споведзі і прычашчэння гэтае немагчыма. Важнае і сабораванне, не бойцеся распаўсюджанага забабону, што сабораваюць толькі перад смерцю.
Уладыка ў сваёй пропаведзі звярнуў увагу і на важнасць трымацца Хрыстовых Запаветаў, Слова Бібліі, прывёў прыклады народаў і краінаў, калі адступленне вяло да катастрофы.
На сканчэнне знайшлося месца і афіцыйнай місіі. Архіепіскап Феадосій уручыў іерэю Васілю Юбілейны медаль Рускай Праваслаўнай Царквы “В память 100-летия восстановления Патриаршества в Русской Православной Церкви”.
А потым запрасіў да амвона самых маленькіх прыхаджанаў - кожны ў падарунак атрымаў манастырскі пернік. Рэшту раздалі больш сталым удзельнікам урачыстасці.
Па сканчэнні службы айцец Васіль падараваў высокаму госцю каравай, спечаны матушкай Ксеніяй. А на вуліцы яшчэ нейкі час адбывалася размова з архіепіскапам, людзі пыталіся пра тое, што хвалюе, прасілі ў Уладыкі блаславення.
Скончылася Свята, развіталіся з архіепіскапам Феадосіем (да новых сустрэчаў?), раз’ехаліся па дамах ураджэнцы лявонпальскай зямлі (павезлі з сабою часцінку свята, водбліск язычкоў полымя, якія 2 тысячы гадоў таму ў скрушны момант расстання падтрымалі апосталаў, іх сучаснікаў, усялілі надзею і веру). Гэта Вера ў Уваскрошанне.
Мне ж пры канцы хочацца дадаць яшчэ колькі радкоў з “Вальса-ўспаміна”:
А ці прыйдзе, ці вернецца ранак,
Каб пад хмельны распеў салаўя
Бы шляхцянка ўзбегла на ганак
Маладосць залатая твая?
Няхай адродзіцца старадаўняе мястэчка, ягоная слава, ягоныя залатыя часіны. Бо тут ёсць Хрысціянская Святыня, ёсць Царква.
Уладзімір ПУЧЫНСКІ (мястэчка/вёска Лявонпаль Мёрскага раёна - вёска Раўбічы Мінскага раёна)
Фота аўтара
У дзень Святой Тройцы архіепіскап Феадосій наведаў царкву Святой Тройцы ў Лявонпалі