У Слабадской пачатковай школе Міёрскага раёна Дзень Перамогі адзначылі мітынгам ля абеліска воінам-землякам і тэматычнай віктарынай.
Да тэматычнага мітынгу вучні і настаўнікі рыхтаваліся задоўга і актыўна. Прадумалі сцэнарый, развучылі вершы і песні, падабралі форму для ўдзельнікаў. У вобразах лётчыка, марака, салдат пяхоты, медсястры дзеці гаварылі і спявалі пра вайну і Перамогу. Па традыцыі ля абеліска воінам-землякам прынялі у піянеры чацвертакласнікаў. Памяць тых, хто здабываў Перамогу, хто назаўсёды застаўся на вайне, ушанавалі хвілінай маўчання. Да абеліска педагогі і школьнікі ўсклалі кветкі.
Прадоўжылася святочнае мерапрыемства ў школе. Па благаславенню настаяцеля храма Ускладання Рызы Прасвятой Багародзіцы ў Влахерне г. Міёры протаіерэя Віктара Вабішчэвіча з тэматычнай віктарынай да вучняў-пачаткоўцаў завітаў лідар праваслаўнага маладзёжнага руху "Ладанка" Аляксандр Рынкевіч. У старым чамадане - рэчы з пары Вялікай Айчыннай вайны. Фляжка, ліхтарык, свечка з гільзы, кольцы з манет... Дзецям трэба было іх пазнаць і назваць. За правільныя адказы - салодкія прызы. З дапамогай педагогаў дзеці справіліся з заданнем, і ніхто не застаўся без ласункаў.