У даўнія часы нашы продкі адзначалі Святкі. Так называлі перыяд ад Нараджэння Хрыстова да Вадохрышча. У гэты час ад дома да дома хадзілі калядоўшчыкі, спявалі гаспадарам песні, атрымлівалі пачастункі. Далучыцца да народнай традыцыі вырашылі супрацоўнікі і выхаванцы Міёрскага дзіцячага сада № 1 і зладзілі калядкі.
Адбывалася святочнае дзейства ў стылізаванай вясковай хаце. Вялікая печ, лавачкі, накрыты стол. Гаспадар і Гаспадыня ў святочных уборах. Ставяць на акно свечку. Гэта знак для калядоўшчыкаў, што ў доме іх чакаюць і будуць ім рады. Госці завіталі. З песнямі-калядкамі, танцамі, забавамі. Па традыцыі, прывялі з сабой Казу і Мядзведзя. Казу продкі лічылі сімвалам жыццёвай сілы. З ёй дзеці вадзілі карагод, танцавалі. Мядзведзь прынёс мёд. Ды не звычайны, а музычны. Малыя разабралі з бочкі інструменты - атрымаўся яшчэ адзін творчы нумар. Праз тэатралізаванае прадстаўленне пра лясных жыхароў, якія сустракалі Хрыстова Нараджэнне, маленькія акцёры нагадалі быць добрымі адзін да аднаго, дараваць крыўды і не прыгадваць былое. Па традыцыі, Гаспадыня пачаставалася калядоўшчыкаў ласункамі. З пажаданнямі здароўя і сіл, салодкімі падарункамі на калядкі ў дзіцячы сад завітаў дабрачынны Міёрскай акругі святар Віктар Вабішчэвіч. Падзякаваў за цікавае свята. Нагадаў, што Хрыстос бачыць кожнага, таму трэба паводзіць сябе належным чынам і жыць з дабрынёй у сэрцы.
Кацярына РЫНКЕВІЧ. Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.