Архив новостей
прихода храма
Новости Православной Церкви
Полоцкая Епархия
 
Афіцыйны старт вясеннім палявым работам далі на Міёршчыне
Афіцыйны старт вясеннім палявым работам на Міёршчыне далі 2 красавіка. На полі ААТ «Пад’ельцы» ладзілі «Засеўкі». У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўніцтва раёна, дырэктары сельгаспрадпрыемстваў.

Пахне свежасцю ралля. Выстраілася ў рад тэхніка, гатовы прыступіць да справы хлебаробы. Добры настрой дорыць удзельнікам урачыстасці фальклорны калектыў «Язынка».

Традыцыю продкаў праводзіць засеўкі старшыня райвыканкама Сяргей Сямёнычаў назваў залогам добрага ўраджаю, Падкрэсліў: вясенняя сяўба для Міёршчыны - маштабнае мерапрыемства.

Удзячнай глебы, сіл і поспехаў жадаў калегам і працаўнікам дырэктар ААТ «Пад’ельцы» Ігар Бачарэнка. Як гаспадару поля яму ўручылі каравай.

На добрую справу блаславіў працаўнікоў благачынны Міёрскай акругі протаірэй Віктар Вабішчэвіч. Адслужыў малебен, асвяціў зерне і тэхніку.

Першае зерне кінулі ў глебу кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй, дырэктары сельгаспрадпрыемстваў.

Сяўба ў народзе лічылася святой справай. Распачынаць яе трэба з лёгкім сэрцам і светлымі думкамі. І тады зямля аддзячыць ураджаем. Як пісаў беларускі паэт Алесь Разанаў: «Не вернецца воін, вандроўнік не вернецца, вернецца сейбіт… Заўсёды вяртаецца сейбіт». Глыбокая і адначасова простая філасофія. Вяртаецца сейбіт. З маладымі ўсходамі, з налітымі каласамі, з хлебам на стале.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фотарэпартаж Казіміра БЛАЖЭВІЧА.