Архив новостей
прихода храма
Новости Православной Церкви
23 марта 2018 года
Святло, якое цемра не заглушыць
Мерапрыемства ў дзіцячай бібліятэцы, прысвечанае Дню праваслаўнай кнігі, нагадала хлопчыкам і дзяўчынкам пра неабходнасць чытаць як мага больш. З друкаваных радкоў чэрпалі мудрасць шматлікія пакаленні хрысціянскіх народаў.
Дзень праваслаўнай кнігі адзначаецца з 2009 года. Прымеркаваны да 14 сакавіка. Менавіта гэтай парой у ХVІІ стагоддзі на Русі з'явілася першая друкаваная кніга "Апостал", якую выдаў дыякан Іван ФЁДАРАЎ. Пра тое выкладчыца Нядзельнай школы прыходу міёрскага храма Таццяна ПАЦЕЕНАК нагадала сваім выхаванцам і вучням СШ №3 імя Я. Томкі падчас сустрэчы "Духоўных кніг набожная мудрасць". Разам паразважалі пра несумненную карысць гэтай літаратуры.
У першым раздзеле "Слова Божае і яго сіла" галоўная-Біблія. У яе складзе больш за 50 кніг, сярод іх і Евангелле, прызначанае для штодзённага чытання. Затым ідуць Псалтыр, Малітва- і Месяца-словы, Жыцці святых. Гэтая літаратура ўплывае на духоўнае сталенне чалавека. З мудрых старонак ужо шмат засвоілі дзеці.Тое пацвердзілі падчас віктарыны.
Хлопчыкі і дзяўчынкі правільна дапаўнялі цытаты з Бібліі, тлумачылі значэнні евангельскіх выказванняў. Агучылі самую кароткую пропаведзь Серафіма Сароўскага "Хрыстос Уваскрэс". Беспамылкова называлі святыя абразы і іх мастакоў. Адказы на ня-простыя пытанні чэрпалі з Псалтыра, а галоўным аўтарам псалмоў беспамылкова вылучылі цара Давіда. Факты з "Жыццяў святых" таксама ў памяці юных чытачоў. Хутка ўзгадалі, што Сергія Раданежскага да прыняцця манаства звалі Варфаламеем.
Што знаходзілася ў загадкавым куфэрку, першай здагадалася Ксюша. Пытанне складанае і гучала так:
- У адной з пропаведзяў мітрапаліт Антоній Суражскі гаварыў: для таго, каб бачыць, нам часам патрэбна паглядзець на сябе ў люстэрка. Якое ж люстэрка ў нас ёсць? - пыталася Таццяна Міхайлаўна.
- Евангелле, - прагучала ў адказ.
Сапраўды. Менавіта ў ім мы бачым удасканаленага Чалавека Іісуса Хрыста, якім закліканы стаць. Бачым вакол Яго і праведнікаў, і грэшнікаў. Таму чытаць гэту кнігу трэба ўдумліва, сур'ёзна, каб бачыць у сабе ўсё светлае і цёмнае, каб навучыцца заўважаць і ў іншых нязгаснае святло, якое ніякая цемра не заглушыць.
У раздзеле "Крыніца мудрасці святых айцоў" бібліятэкар Таццяна Вішнеўская пазнаёміла дзяцей са святаайчыннай літаратурай . Тут у цэнтры ўвагі жыццеапісанні багаслова Іаана Златавуста. Нямала літаратуры пра беларускіх святых. Іаан Лесвічнік вядомы хрысціянам перш за ўсё як складальнік аўтарытэтнага і папулярнага помніка аскетычнай літаратуры "Лесвіца". 18 сакавіка, у дзень сустрэчы, якраз чацвёртая нядзеля Вялікага паста, прысвечаная яму.
Багаты раздзел "Сапраўдны хрысціянін і яго жыццё". Тут шмат добрых вершаў з глыбокім сэнсам, цікавых апавяданняў, рэкамендацый, напрыклад, як падрыхтавацца да споведзі і прычашчэння, у чым раскайвацца, пра што думаць і разважаць у пост.
Шмат з духоўных кніг пачэрпнулі ўдзельнікі святочнай сустрэчы, за што атрымалі заслужаныя ўзнагароды. Але папаўненне запасу ведаў-несупынны працэс. Педагогі Нядзельнай школы і бібліятэкары звярнулі на гэта асаблівую ўвагу. Менавіта чытанне пашырае кругагляд, развівае мысленне, адкрывае нам гісторыю мінулага, дае магчымасць вандраваць у часе, спасцігаць духоўнае багацце. Усе разышліся дадому з кнігамі.
Наталія СТАНКЕВІЧ.