Архив новостей
прихода храма
Новости Православной Церкви
Полоцкая Епархия
16 марта 2018 года
Сустрэча з нагоды
Верыць, ведаць, чытаць
Кніжны храм - добрае месца для разваг пра повязь духоўнасці з друкаваным радком, пра сілу веры, падмацаваную прачытанымі старонкамі, пра смелае сэрца, якое не баіцца цяжкасцей на правільна абраным шляху.

Штогод 14 сакавіка - у дзень праваслаўнай кнігі - запрашае ў госці Міёрская цэнтральная бібліятэка. Каб пазнаёміць з навінкамі духоўнай літаратуры, задаць пытанні святару, пашырыць веды пра гісторыю і сённяшні дзень праваслаўя.

ТЭМА
сустрэчы -- “Праваслаўная вера. Шлях у гісторыі”. Невыпадкова спыніліся на асобе мітрапаліта Літоўскага і Віленскага Іосіфа Сямашкі. З яго імем звязана адраджэнне праваслаўнай веры на землях Заходняй Беларусі, Літвы, Польшчы ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя.Сёлета праваслаўная царква ўшаноўвае памяць мітрапаліта Іосіфа. Спаўняецца 220 год з дня яго нараджэння і 150 год як скончылася зямное жыццё.
ПЕРШ ЧЫМ гаварыць пра святара, трэба прыгадаць 1596 год і заключаную тады Брэсцкую ўнію. Гэта была спроба аб’яднаць на землях Рэчы Паспалітай праваслаўе з каталіцызмам. Праваслаўе, хоць і захоўвала свае іерархію, абрады, богаслужэнні, але падпарадкоўвалася Рыму і ператваралася ва ўніяцтва. Амаль на тры з паловай стагоддзі. У 1839 годзе Полацкі царкоўны сабор скасаваў унію. І ў гэтым вызначальную ролю адыграў мітрапаліт Літоўскі і Віленскі Іосіф Сямашка. Родам з уніяцкай сям’і, ён сам прыйшоў да праваслаўнай веры. І вярнуў да яе больш за паўтара мільёна вернікаў.
ПРА жыццё і дзейнасць мітрапаліта Іосіфа расказаў благачынны Міёрскай акругі Віктар Вабішчэвіч. Заўважыў, што дзякуючы святару заззяла не толькі святло праваслаўя, але і атрымала права на існаванне забытая беларуская мова. На ёй, па ініцыятыве айца Іосіфа, чыталі пропаведзі.
- Уніяцтва - цяжкі час для праваслаўнай веры. Аднак гэта наша гісторыя і пра яе трэба ведаць і памятаць, -- падвёў вынік айцец Віктар.
ЯК ЗВЫЧАЙНА, размова са святаром выходзіла за межы вызначанай тэмы. Задавалі пытанні, разам разважалі. Асобную ўвагі надалі таму факту, што на Міёршчыне нямала змешаных сем’яў. Як жыць пад адным дахам праваслаўным і католікам без рэлігійных спрэчак? Адказ адзін: калі вера моцная, сапраўдная, такіх непаразуменняў папросту не ўзнікае. І прыкладаў таму багата.
ЗРАБІЦЬ святло веры яшчэ больш цёплым і ясным дапамагае літаратура. Як слушна заўважыла бібліятэкар Таццяна Цыцыліна, кніга вызначае духоўнае нараджэнне чалавека і станаўленне асобы. Штогод папаўняе фонд міёрскай бібліятэкі Выдавецтва Беларускага Экзархату. Духоўная літаратура мае шырокае кола чытачоў і заўсёды запатрабаваная. Напрыканцы мерапрыемства многія накіраваліся да стэлажа з навінкамі.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА..
dpk2018027 dpk2018041 dpk2018073
dpk2018036 dpk2018084 dpk2018053