Падарылі царкве абнаўленне

• 04.01.2014

http://mijory.by/ryeligiya/5365-podarili-cerkvi-obnovlenie.html
28 снежня адбылося ўрачыстае асвячэнне адрамантаванай царквы ў Міёрах. З гэтай нагоды сюды сабраліся вернікі, госці, шматлікія жыхары не толькі з райцэнтра, а і па-за яго межаў.
Асвячэнне праведзена айцом Віктарам Вабішчэвічам. А малітва была пранікнёнай, радаснай і святочнай.

Усіх прыемна цешыла, што агульнымі намаганнямі ўдыхнулі Божаму храму новае жыццё. Сапраўды, зроблена шмат. Заменены не толькі вокны і дзверы, а нават дах, на якім зіхацяць пазалотай новыя купалы. Дарэчы, дах цяпер з блакітнай чарапіцы, бо гэта колер Багародзіцы. Навокал - прыемная чысціня, лунае ў паветры лёгкі водар свежай фарбы...


Крыху з далёкай гісторыі
Вітольд Антонавіч Ермалёнак, настаўнік гісторыі Міёрскай СШ №3 паведамляе, што першы ўспамін аб будаўніцтве праваслаўнага храма ў Міёрах адносіцца да 1612 года. У завяшчанні маршалка Браслаўскага павета Януша Дзмітрыевіча Пуцяты сказана: пахаваць яго ў маёнтку Міры на полі, ля магіл яго дзяцей і на тым месцы пабудаваць капліцу. Воля нябожчыка была выканана, паколькі ў завяшчанні Настасіі Мірскай ў 1621 годзе значыцца, што яна павінна быць пахавана ў маёнтку Міры над возерам у новай царкве.
Наступны ўспамін аб царкве ў Міёрах у дакуменце суддзі земскага Браслаўскага Себасцьяна Мірскага ад 25 мая 1644 года, дзе сказана: "Раней я пабудаваў і заснаваў некалькі цэркваў і манастыроў ва ўслаўленне і гонар Госпада, а цяпер ахвярую на манастыр і царкву ў імя Прасвятой Троіцы ў маёнтку маім Міры ў Браслаўскім павеце". Для ўтрымання манахаў ён перадае ім валоку зямлі (21,36 га) у сваім маёнтку, а таксама маёнтку Ляшчылавічы ў Полацкім ваяводстве. Для манастыра і царквы на сродкі фундатара былі адліты званы з надпісам, што яны прызначаны для царквы Прасвятой Троіцы ў Мірах, а таксама з гербам і ініцыяламі СМСЗ (Святаполк Мірскі, суддзя земскі). Вышыня звана - 1 аршын. Царква і манастыр размяшчаліся на месцы сучасных могілак у Пад'ельцах. Міёрскі манастыр упамінаецца ў завяшчанні вядомага паэта і публіцыста, царкоўнага дзеяча Сімяона Полацкага. Ён ахвяруе на Міёрскі, Кутаінскі і Друйскі манастыры 600 рублёў золатам і 700-серабром. Па патрабаванні сына Себасцьяна Мірскага - Міхаіла, мечніка Браслаўскага, царква і манастыр былі перададзены ўніятам.

20 снежня 1690 года на манастыр і царкву напала ўзброеная шляхта. Маёмасць забралі, манахаў пабілі і выгналі. Аб гэтым здарэнні паведамлялася ў пісьме рускага цара Пятра І каралю Рэчы Паспалітай у 1715 годзе. Але манастыр і царква засталіся спачатку ва ўніі, а ўжо ў сярэдзіне 18 стагоддзя сталі каталіцкімі.
У 1832 годзе па зношанасці манастыр быў разабраны, адзін звон перавезены ў Міёрскі касцёл, а другі - утапіўся ў возеры пры перавозцы.

Спроба перарабіць касцёл пад царкву ў Міёрах рабілася па ўказанні Віленскага генерал-губернатара Мураўёва ў 1863 годзе. Аднак пасля яго адстаўкі загад не выканалі.
Адраджэнне праваслаўнай царквы ў Міёрах пачалося толькі ў 90-я гады ХХ стагоддзя. І яно было цесна звязана з імем айца Мікалая (М. В. Рунды).

Светлы вобраз айца - у памяці навечна

Цудоўна, што пры царкве захоўваецца багаты матэрыял пра  Мікалая Васільевіча Рунду. Удалося патрымаць у руках вялізны, тоўсты альбом, пазнаёміцца са зместам - звесткамі пра жыццё гэтага дастойнага чалавека. Пажоўклыя ад часу лісты дыхаюць даўніной, гісторыяй нашай Міёршчыны і краіны ў цэлым. Гартаю старонкі, шмат фотаздымкаў, тэкставых паведамленняў. Вось толькі невялікая частачка з усяго там напісанага.

Будучы святар нарадзіўся ў сялянскай шматдзетнай сям'і ў далёкім 1922 годзе, 1 лютага. Хлопчык праяўляў высокія здольнасці ў вучобе, аднак бацькі паклапаціліся, каб навучыўся ён практычнай справе краўца, якая б забяспечвала пастаянны заробак.
Рамяство спатрэбілася і ў партызанскім атрадзе. Аднак, цудам застаўшыся ў жывых, Мікалай Васільевіч даў клятву Богу, што ўсе астатнія гады прысвеціць служэнню Усявышняму. У 1946 годзе - ён псаломшчык у Дзісенскай царкве, у 1947 - у Чэраскай Свята-Мікалаеўскай. Далей вучоба ў Жыровіцкай духоўнай семінарыі, служба ў Бабруйскай царкве, у Казанскай горада Віцебска.

Новае выпрабаванне - падвяло здароўе. Ад аперацыі святар адмовіўся, па парадзе медыкаў у 1951 годзе пераязджае ў Крым, пасяляецца ў Ялце. Стварае сям'ю, нараджаюцца дзве дачкі. Дарэчы, у Ялце ён таксама працягвае службу святаром.
Аднак праз 36 гадоў айцец Мікалай Рунда вяртаецца на зямлю продкаў. І ўжо з 1987-га  служыць у Грыгаравіцкай царкве, дзе працяглы час не было пастаяннага святара.
З першых дзён пачынае займацца рамонтам гэтага Божага храма, добраўпарадкаваннем прылягаючай тэрыторыі.

У 1990 годзе святар узначаліў праваслаўную рэлігійную абшчыну ў Міёрах. Вось тады ён і прымае рашэнне аб неабходнасці будаўніцтва царквы ў райцэнтры.
Пасля пэўных хадайніцтваў участак для ўзвядзене царквы ў Міёрах быў выдзелены на пустэчы. І на гэтай зямлі 4 лістапада 1990 года, у дзень Казанскай іконы Божай Маці закладзены першы камень і асвечана месца будаўніцтва.
Прыхаджане падтрымалі ініцыятыву святара і актыўна ўключыліся ў будаўнічую справу. Узводзілі царкву агулам-дапамагалі мясцовыя арганізацыі, прыходзілі вернікі - праваслаўныя і нават католікі.

Грошай не хапала. Таму імкнуліся ўсё рабіць самастойна. Было нават вельмі і вельмі цяжка. Аднак працавалі да знямогі, адмаўляліся ад спакусы лішні раз адпачыць. Усім надавала сілы адзінае жаданне - зрабіць больш, лепш і акуратней.
Мікалай Васільевіч Рунда самастойна кіраваў усёй будоўляй. Ён быў і за прараба, і за інжынера, і за майстра. На будоўлю ездзіў штодзённа з Грыгаравіч, за 30 кіламетраў. А ў нядзельныя дні і святы праводзіў царкоўныя службы па месцы жыхарства, у Грыгаравічах.

Неаднойчы Мікалай Васільевіч, гледзячы на ўжо стомленых працаўнікоў, што займаліся ўзвядзеннем царквы, падбадзёрваў іх словамі: "Неба над намі адкрыта. Бог бачыць нашы старанні і дапаможа. Трэба толькі верыць".
Яно так і сталася. Вельмі хутка, літаральна праз год, будаўнічыя работы закончылі. Прысвяцілі царкву ў Міёрах у гонар Прасвятой Багародзіцы. Назва Божаму храму дадзена дастаткова рэдкая - "Положение Ризы Пресвятой Богородицы во Влахерне". Асвяцілі царкву 21 снежня 1991 года. Гэтая дата і лічыцца днём яе нараджэння.

У людской памяці Мікалай Рунда застаўся як шчыры, добры, спагадлівы чалавек. Ён дапамагаў бедным, абяздоленым, састарэлым і нямоглым уласнымі сродкамі. Хаця сам жыў дастаткова сціпла, затое з чыстым сумленнем.
Увесь вольны час ён штосьці майстраваў ва ўласнай майстэрні. Самастойна зрабіў купал-цыбуліну для царквы, алтар, аклады для ікон і шмат чаго іншага.
Дзякуючы старанням святара і прыхаджан закінуты кавалачак зямлі ля царквы ператварыўся ў найпрыгажэйшае месца ў Міёрах, з вялікім мноствам рознакаляровых кветак.

У скверыку - вадаём з экзатычнымі лілеямі і водарасцямі. Прыгожа глядзіцца лёгкі масток, перакінуты праз вадаём, побач альтанка ў кветках, лодка і казачныя звяркі... Айцец Мікалай, гледзячы на ўсё, любіў паўтараць: "Гэта мой райскі куточак на зямлі".
Памёр святар 21 лютага 2011 года. Усе дні не спыняўся людскі паток да яго труны. А цяпер яго магіла патанае ў кветках, што прыносяць вернікі.
Іх імёны ведае Гасподзь

Дастойным пераемнікам айца Мікалая Рунды стаў Віктар Вабішчэвіч. Малады, энергічны і вельмі абаяльны, ён не мог не выклікаць унутранай сімпатыі ў прыхаджан. Да людзей ён заўсёды звяртаўся з уласцівай яму далікатнасцю, тонкім уменнем адчуваць і разумець.
Пры выкананні рамонтных работ айцец Віктар імкнуўся захаваць і не пашкодзіць тое, што некалі з вялікай любоўю ствараў яго папярэднік - паважаны Мікалай Васільевіч Рунда. Так, вельмі асцярожна пачысцілі алтар, іконы.

Падчас правядзення рамонту богаслужэнне адбывалася ў іншым памяшканні, часова пераабсталяваным пад царкоўнае. Аднак працягвалася гэта нядоўга, усяго паўгода. Менавіта столькі часу спатрэбілася, каб выканаць вялізны аб'ём рэканструкцыйных работ. Тлумачыцца гэта тым, што людзі працавалі з вялікім энтузіязмам, стараннем і разуменнем, бо рабілі яны агульную святую справу.
Пры асвячэнні адрамантаванай і абноўленай царквы айцец Віктар і ўся праваслаўная абшчына выказалі вялікую ўдзячнасць старшыні райвыканкама І. В. Кузняцову, які адобрыў ініцыятыву праваслаўных вернікаў і падтрымліваў іх на працягу ўсяго перыяду рэканструкцыі.

Зразумела, што вялікія фінансавыя сродкі спатрэбіліся, каб аднавіць царкву. Грошы па магчымасці ахвяравалі вернікі, працоўныя калектывы. Кожнаму хацелася ўнесці сваю часцінку, свой уклад у высакародную святую справу.
Усіх пералічыць немагчыма. На гэты конт благачынны протаіерэй Віктар Вабішчэвіч трапна заўважыў: "Іх імёны ведае Гасподзь".

Першым і галоўным памочнікам святара на працягу ўсіх гадоў існавання царквы ў Міёрах з'яўляецца казначэй Людміла Уладзіміраўна Заяц. Уласнае жыццё яна непарыўна звязала з царкоўным. Невыпадкова на яе абліччы адбітак сапраўднай веры. З ёй прыемна размаўляць, раіцца па любым пытанні. Яна быццам з іншага свету, дзе пануюць толькі дабро і святло, высокія пачуцці і палёгка на душы.
Людміла Уладзіміраўна занатоўвае падзеі царкоўнага жыцця, удзельнічае ў напісанні гісторыі царквы.

І тое, што дагледжана, даведзена да ладу прыцаркоўная тэрыторыя-справа рук гэтай жанчыны. Набіраецца моцы, расце нядаўна пасаджаны ёй сад з 24 дрэўцаў. Міне час, і на месцы духмяных бела-ружовых кветачак з'явяцца сакавітыя, салодкія яблыкі і грушы. А вясной зноў уся тэрыторыя застракаціць рознакаляровымі кветкамі. І будзе тут па-сапраўднаму райскі куточак.
Цяпер радуе і цешыць, што выканана вялікая і стваральная праца, што наш Божы храм перажыў прыемны працэс абнаўлення, памаладзеў, папрыгажэў. А гэта значыць, што мы ўсё больш набліжаемся да ўзвышанага, да духоўнага.

Тамара ЛЯХАВА.