Мітрафорны протаіерэй Уладзімір Сяргеевіч Голасаў
1913-1973гг.
1939-1945гг. служэння ў Язненскай Спаса-Праабражэнскай царкве
Мітрафорны протаіерэй Уладзімір Сяргеевіч Голасаў 25.07.1913-20.10.1973
(Звесткі даслаў Павел Лаўрыновіч)
Нарадзіўся 25.07.1913 ў сям’і настаўніка народнага вучылішча м.Коўнатава Шавельскага павета Ковенскай губ-ні.
1931 - скончыў Віленскую духоўную семінарыю.
1935 - выпускнік Багаслоўскага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта (магістр багаслоў’я).
26.04.1934-20.09.1935 - настаяцель Пакроўскай царквы м.Ятвеск Шчучынскага п-та.
27.04.1934 - рукапаложаны ў сан дыякана.
17.05.1934 - рукапаложаны ў сан сьвятара Савам (Саветавым), епіскапам Люблінскім вікарыем Варшаўскай епархіі ў Варшаўскім кафедральным саборы.
25.09.1935-20.08.1936 - 2-гі сьвятар Свята-Пакроўскай царквы г.Радашковічы.
20.08.1936-17.09.1937 - настаяцель царквы Свяціцеля Мікалая Цудатворцы в.Ажуны (Дунілавічы) Пастаўскага п-та.
17.09.1937-1939 - 2-гі сьвятар Барыса-Глебскай царквы г.Навагрудак.
1939-1945 - настаяцель царквы Праабражэньня Гасподняга в.Язна.
08.1943-02.1944 - часова жыў у г.Глыбокае.
1945 - арыштаваны.
27.12.1945 - ваенным трыбуналам НКУС Віцебскай вобласьці вынесены прысуд па артыкуле 58-10 УК РСФСР(контррэвалюцыйная дзейнасьць) -10 гадоў працоўна-папраўчых лагераў і 5 гадоў паражэньня ў правах з канфіскацыяй маёмасьці. Высланы ў Магадан.
1951 - знаходзіўся ў Магадане на вольным пасяленьні.
1956 - рэабілітаваны.
18.04.1957-1958 - у кліры Свята-Пакроўскай царквы г.Краснаярск.
1958-1960 - настаяцель Свята-Пакроўскай царквы г.Барнаул.
1960-10.05.1961 - настаяцель Спаскай царквы г.Мінусінск Краснаярскі край.
10.05.1961-2.04.1965 - член Епархіяльнага Савета, сакратар Новасібірскага епархіяльнага ўпраўленьня, благачынны цэркваў Новасібірскай акругі.
2.04.1965-1973 - настаяцель царквы Свяціцеля Мікалая Цудатворцы г.Душанбе.
1973 - прылічаны за штат, жыў у дачкі ў г.Менску.
Памёр 20.10.1973 года. Пахаваны на Паўночных могілках г.Менска.
Узнагароды і асаблівыя адзнакі:
12.1941 - Дзісненскі благачынны.
1958-1960 - благачынны Алтайскага краю.
10.05.1961-2.04.1965 - благачынны Новасібірскай акругі.
1962 - наперсны крыж з упрыгожваньнямі.
1971 - мітра.
Бацька - Сергій Іаанавіч Голасаў 8.07.1886, мітрафорны протаіерэй - Ільля, Верцялішкі.
Жонка - Алена Васільеўна Бекарэвіч, дачка протаіерэя Васілія Бекарэвіча (Лужкі, Язна).
Дачка - Святлана 8.03.1935.
Крыніцы інфармацыі:
некралог - Журнал Маскоўскай Патрыархіі №10 1874;
іерэй Фама Шаплыка “Радашковічы праваслаўныя”;
Ірына Стома “Жывая памяць”. Царкоўнае слова №42 2012;
Кліравыя ведамасьці царквы м.Ільля 1926 г.
Grzegorz Sosna-Hierarchia i kler kościoła prawosławnego w granicach II Rzeczypospolitej i Polski powojennej w XIX-XXI wieky - Ryboly -2012 rok.
Жывая памяць
Язненская Спаса-Праабражэнская царква Міёрскага раёна - звычайны сельскі храм, пабудаваны на мяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў, якіх многа на нашай Беларускай зямлі. Але колькі святарскіх лёсаў з ёй звязана.
Дзесяць гадоў - з 1939 па 1949 - настаяцелямі нашам царквы былі протаіерэі Голасаў Уладзімір Сяргеевіч і Бекарэвіч Васілій Сафонавіч - звязаныя паміж сабой сваяцкімі сувязямі: зяць і цесць. Гэта быў складаны час: вайна і першыя пасляваенныя гады.
У 1939 годзе настаяцелем Язненскай Спаса-Праабражэнскай царквы быў прызначаны святар Голасаў Уладзімір Сяргеевіч. Айцец Уладзімір нарадзіўся ў 1913 годзе ў мястэчку Ілья на Вілейшчыне ў святарскай сям'і. У пачатку 1930-х гадоў скончыў Віленскую духоўную семінарыю, пазней багаслоўскі факультэт Варшаўскага ўніверсітэта, меў званне магістра багаслоўя.
Цікава, што разам з айцом Уладзімірам у семінарыі вучыўся Генадзь Цітовіч, вядомы беларускі музыказнавец. Разам яны наведвалі знакаміты ў той час віленскі гімназічны хор, які стварыў і ўзначальваў Рыгор Раманавіч Шырма. Да апошніх дзён жыцця ўсіх іх звязвалі сяброўскія адносіны. 17 мая 1934 года епіскапам Савам (Саветавым) у варшаўскім кафедральным саборы Уладзімір Голасаў быў рукапаложаны ў святарскі сан і накіраваны ў Радашковічы ў якасці другога святара. Затым, з 1936 па 1939 год, служыў у Навагрудку. Да нас святар прыехаў у канцы 1939 года. Сям’я святара - матушка Алена з роду Бекарэвічаў і дачка Святлана. Пасяліліся ў старым святарскім доме ў прыгожым месцы, на беразе рачулкі Язненкі, якая вясной разлівалася і блізка падыходзіла да пабудоў. За домам, уздоўж ракі, цягнуўся вялікі сад.
Пачатак служэння айца Уладзіміра ў Язне супаў з падзеямі, звязанымі з уваходжаннем Заходняй Беларусі ў склад БССР. Савецкія ўлады падазрона адносіліся да святарства. Неўзабаве пачалася вайна з фашысцкай Германіяй. Айцу Уладзіміру, які дасканала валодаў нямецкай мовай, у ліпені 1941 года было прапанавана выконваць абавязкі бургамістра Язненскай воласці. Але святар адмовіўся. Праўда, пад прымусам яму прыйшлося на працягу двух месяцаў працаваць на гэтай пасадзе. Пазней нямецкія ўлады яго прыцягвалі ў якасці перакладчыка. Айцец Уладзімір выкарыстоўваў свае магчымасці для абароны прыхаджан, выратавання іх ад расправы з боку акупантаў.
Мне давялося размаўляць са старэйшымі жыхаркамі нашай вёскі - Шчарбіцкай Марыяй Іванаўнай і Пучкоўскай Вольгай Антонаўнай, якія памятаюць той час. Добрымі словамі ўспаміналі жанчыны бацюшку Голасава як святара і чалавека. Называлі многа імёнаў людзей, якіх выратаваў айцец Уладзімір ад высылкі ў Германію і ад расстрэлу. Так, напрыклад, вялікая сям’я Саковічаў з Плеек, дзе было чацвёра дзяцей, ужо стаяла на краі выкапанай імі самімі ямы... Дзякуючы заступніцтву святара ўратаваліся таксама сем’і сясцёр Шчарбіцкіх - Антаніны і Ніны, Шчарбіцкага Іосіфа з вёскі Сівіцкія і іншых.
Два гады назад, разбіраючы царкоўны архіў, я натрапіла на некалькі цікавых дакументаў. Гэта былі пажаўцелыя ад часу лісткі, вырваныя са школьнага сшытка, датаваныя снежнем 1941 года. Адзін з іх - просьба маці садзейнічаць у пошуках сына Пальчэўскага Максіма Ігнатавіча, які 23 чэрвеня 1941 года быў прызваны ў Чырвоную армію, а затым трапіў у нямецкі палон. Апошні раз яго бачылі ў лагеры ваеннапалонных у Сувалках. Да заявы прыкладзена паручыцельства 15 жыхароў вёскі Качанава Ветрынскага раёна, дзе яны сведчаць, што іх зямляк ні ў якой савецкай арганізацыі не знаходзіўся, да кампартыі не належаў. Аналагічная заява была складзена сястрой Мялешкі Васіля Патапавіча з вёскі Данева. Да заявы прыкладзена хадайніцтва жыхароў аб дапамозе ў вызваленні з нямецкага палону іх земляка. Захавалася паручыцельства і ад супрацоўнікаў Быкаўшчынскага дзіцячага дома наконт Станкевіча Ціта Станіслававіча. Падпісалі яго 17 чалавек на чале з дырэктарам.
Калі натрапіла на гэтыя заявы, здзівілася, чаму яны аказаліся ў архіве Язненскай царквы. Але пасля размовы з мясцовымі жыхарамі з упэўненасцю магу адказаць: таму, што святар непасрэдна займаўся выратаваннем людзей. На жаль, гэтым заяўнікам ужо немагчыма было дапамагчы: іх блізкіх, па дадзеных архіваў, у той час ужо не было на гэтым свеце.
Яшчэ адзін цікавы момант з жыцця айца Уладзіміра. У пачатку снежня 1941 года быў асвячоны прастол полацкага Сафійскага сабора, там былі ўзноўлены богаслужэнні. Згодна з адмысловай граматай, выдадзенай мітрапалітам Сергіем (Васкрасенскім), мітрапалітам Віленскім і Літоўскім, асвячэнне здзейсніў айцец Уладзімір Голасаў. «Дана сия грамота дисненскому благочинному, магистру богословия Владимиру Голосову для освяшения Софийского собора и престола, поруганного и оскверненного большевистской властью и преврашенного в музей», - пісалася ў грамаце.
У канцы вайны, калі вёска Язна была ўжо вызвалена ад фашыстаў, святар Голасаў арганізаваў збор сродкаў на будаўніцтва танкавай калоны імя Дзмітрыя Данскога, цёплага адзення і абутку для чырвонаармейцаў. Дачка айца Уладзіміра памятае, як уся хата святара была завалена кажухамі, валёнкамі, цёплымі шкарпэткамі. Але нягледзячы на ўсе добрыя справы, нават на атрыманую падзяку ад савецкага ўраду, у 1945 годзе айцец Уладзімір быў арыштаваны. Адзін год ён правёў у турме горада Дзісны, затым у Полацку яму быў вынесены прысуд па 58 артыкулу - контррэвалюцыйная дзейнасць. Святара прысудзілі да 10-ці гадоў працоўна-папраўчых лагераў і высылкі ў Магадан.
Жонка айца Уладзіміра, матушка Алена, паўтарыўшы подзвіг жонак дзекабрыстаў, дабілася дазволу быць побач з мужам. Пакінуўшы дачку ў сям’і свёкра айца Сергія Голасава, адправілася доўгім і цяжкім шляхам на Далёкі Усход. З 1951 года айцец Уладзімір знаходзіўся там на вольным пасяленні. Матушка Алена падзяліла з мужам увесь цяжар жыцця ссыльных.
У 1955 годзе, дзякуючы клопату брата матушкі Алены, айца Віктара Бекарэвіча, святар Голасаў быў рэабілітаваны і ўзноўлены ў грамадзянскіх правах. Абвінавачанне, прад’яўленае яму, было прызнана беспадстаўным.
Далей святарскі лёс айца Уладзіміра быў звязаны з сібірскай зямлёй: ён служыў святаром у Краснаярску, Барнауле, Мінусінску.
Быў благачынным Алтайскай акругі, членам Епархіяльнага савета, сакратаром Новасібірскага епархіяльнага ўпраўлення і благачынным цэркваў Новасібірскай вобласці. Епіскап Новасібірскі і Барнаульскі Ляонцій (Бондар) характакрызаваў айца Уладзіміра Голасава як чалавека багаслоўскі адукаванага, шырока эрудыраванага, праўдзівага і інтэлігентнага, цудоўнага прапаведніка і добрага пастыра.
Добрыя адносіны склаліся ў айца Уладзіміра з уладыкам Нестарам (Анісімавым), Мітрапалітам Новасібірскім і Барнаульскім. Мастачка іканапісец Наталля Якімава, якая працавала ў Новасібірскай епархіі, з нагоды 25-й гадавіны сям’і Голасавых напісала партрэт айца Уладзіміра і матушкі Алены. Гэты партрэт цяпер вісіць на ганаровым месцы ў доме іх дачкі Святланы.
Апошняе месца служэння айца Уладзіміра - Мікольскі храм Душанбэ ў Таджыкістане. Свяшчэннік быў узнагароджаны многімі царкоўнымі ўзнагародамі, у тым ліку: крыжам з упрыгожаннямі і мітрай. Пасля цяжкай хваробы айцец Уладзімір пераехаў да дачкі Святланы ў Мінск, дзе і памёр у 1973 годзе. Пахаваны протаіерэй Уладзімір Голасаў на Паўночных могілках Мінска.
У гэтым годзе мне пашчасціла быць у доме Святланы Уладзіміраўны, дзе прайшлі апошнія гады жыцця яе бацькоў - айца Уладзіміра і матушкі Алены. Сям’я беражліва адносіцца да памяці святарскіх родаў Голасавых і Бекарэвічаў. Святлана Уладзіміраўна ўдзячна язненцам за добрую памяць пра яе бацьку. Дарэчы, яна ахвяравала значную суму на правядзенне Трэцяга фестывалю праваслаўных нядзельных школ «Язненскі благавест», за што арганізатары ёй вельмі ўдзячныя.
Ірына СТОМА
Пры напісанні артыкула былі выкарыстаны матэрыялы з кнігі іерэя Фамы Шаплыкі «Радашковічы праваслаўныя», з царкоўнага архіва Язненскай царквы Полацкай епархіі, а таксама звесткі, пададзеныя Святланай Голасавай.