Узмёнская Свята-Мікалаеўская царква

02.06.2015
http://mijory.by/ryeligiya/7016-uzmyonskaya-svyato-nikolaevskaya-cerkov.html
Напамін пра царкву ва Узмёнах сягае ў 16-е стагоддзе. У наступным 17-ым быў узведзены драўляны храм, толькі ўніяцкі, на сродкі ўладальніка тутэйшага маёнтка Шчыта. Аднак месца яго знаходжання зараз цяжка лакалізаваць, бо аднайменныя маёнткі існавалі на правым і левым берагах Дзвіны. Нават вядомы мастак і рэстаўратар Ігар Сурмачэўскі ў артыкуле аб Узмёнскай царкве дапускае шэраг недакладнасцяў. Хутчэй за ўсё трэба адносіць яе пабудову да 1779 года, бо менавіта тады яна ўжо згадваецца як царква Св. Мікалая.
Калі ўладальнікам маёнтка ва Узмёнах стаў Клаўдзій Мірскі, ён яшчэ раз аднавіў уніяцкую царкву, якая пасля зацятай барацьбы стала праваслаўнай.
З падаўленнем паўстання 1863 года для ўмацавання пазіцый праваслаўя пачалося ўзвядзенне мураваных храмаў у нашым краі. Так, святар Чэраскай царквы Іаан Васілеўскі паведамляў у "Весніку Заходняй Расіі", што 26 мая 1866 года зроблена ўрачыстая закладка царквы ў гонар свяціцеля Мікалая Цудатворцы ў паселішчы Узмёны Дзісенскага павета. Аб часе падзеі Дзісенскі павятовы камітэт загадзя папярэдзіў святара з Узмён Віктара Юрэвіча, які ў сваю чаргу абвясціў аб тым навакольнае духавенства. Асвяцілі закладку святары з Чэрасаў Васілеўскі, з Лявонпаля - Аляксандр Барташэвіч, з Грыгаравіч - Канстанцін Усакоўскі, дыякан з Лявонпаля Стэфан Касецкі. Пад малітву ў паглыбленне ў камені прысутныя паклалі шмат срэбных манет, іх прыкрылі латуннай пліткай з адпаведным надпісам і замуравалі. Урачыстую пропаведзь сказаў святар Васілеўскі, потым адбылося маленне. Пры гэтым прысутнічалі ваенны начальнік Дзісенскага павета падпалкоўнік Данілаў, міравы пасрэднік Васенка, капітан жандармаў Дункель, іспраўнік Лукін, павятовы суддзя Бароўскі. Старая драўляная царква была перапоўнена, бо прысутнічалі вернікі не толькі мясцовага, але і Чэраскага, Грыгаравіцкага, Лявонпальскага прыходаў. Яны маліліся аб благаславенні Божым для месца, выбранага для храма. А нагляд за будаўніцтвам павінен быў ажыццяўляць капітан жандармаў Дункель. Відаць, самы падыходзячы для гэтага чалавек.
Храм з чырвонай цэглы ў псеўдарускім стылі, тыповым для таго часу, асвечаны ў 1871 годзе. Яго аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя чатырохчасткавая, шатровая званіца васьмярык на чацверыку, нізкі бабінец кубападобны, асноўны аб'ём з чатырохсхільным дахам, пяцігранная апсіда з прыдзелам. Элементы архітэктурнага дэкору - ліштвы, лапаткі, арктурны пояс, выкананы цаглянай муроўкай.
Макаўку толькі што пабудаванай Узмёнскай царквы ўвекавечыў знакаміты Напалеон Орда на малюнку палаца ў Юстыніянаве, што на супрацьлеглым беразе Дзвіны (зараз Верхнядзвінскі раён).
Пасля ўніятаў першымі праваслаўнымі святарамі ва Узмёнах у 1840 годзе сталі Аляксей Юрэвіч і Якаў Лукашэвіч. Між тым большасць памерлых, пахаваных па праваслаўным абрадзе, яшчэ маюць каталіцкія імёны - Тэкля, Зузана, Дамінік, Казіміра. Гэта сведчанне гвалтоўнага пераводу ў праваслаўе не толькі ўніятаў.
У 1846-ым службу тут вёў былы бацюшка з Чэрасаў Міхаіл Стукаліч, а ў наступным -  Павел Літвіноўскі пры дыякане Стэфане Шаховічы.
Узмёнскі прыход быў малалікі і бедны, таму святары адсюль імкнуліся з'ехаць. А пра стан мясцовага насельніцтва наглядна сведчыць запіс у метрычнай кнізе за 1859 год: "Ганна Цвячкоўская з вёскі Дубавыя памерла з голаду ва ўзросце 52 гады".

У 1854-ым святаром з'яўляўся Валерыян Тамковіч, псаломшчыкам - Іван Паўловіч, з 1864-га службы вёў Віктар Юрэвіч, з 1883-га - былы дыякан Стэфан Касецкі. У пачатку 20-га стагоддзя сюды зноў вярнуўся Іаан Александроўскі, псаломшчыкам быў Дамашэвіч. З 1904-га ўзначаліў прыход Павел Валынцэвіч, які тут служыў да 1947 года. У 1907-ым яго стараннем адноўлены ківот да самага шанаванага абраза-Узмёнскай Цудатворнай Багародзіцы. Вось што пісаў пра гэту падзею настаўнік царкоўна-прыходскай школы Георгій Жук у "Весніку Віленскага Свята-Духава брацтва": "У нашай царкве ёсць старадаўні абраз Багародзіцы, на шатах якой напісаны 1791 год. Сам абраз, можна меркаваць, яшчэ больш старажытны. Дзіцятка Езус благаслаўляе на ім па-праваслаўнаму; надпісы зроблены па-грэчаску. Абраз гэты ўшаноўвалі не толькі мясцовыя вернікі, але і суседніх прыходаў. Апавядаюць выпадкі, калі пасля малітваў ля абраза хворыя выздараўлівалі. У гэтым годзе стараннямі бацюшкі Паўла Валынцэвіча зроблены пад абраз выдатны ківот. 10 чэрвеня адбылося яго ўрачыстае асвячэнне". Праца была выканана ў майстэрні вядомага майстра П. Карніцкага.

У наш час абраз даследаваў мастак-рэстаўратар Ігар Сурмачэўскі, які мяркуе, што яго можна аднесці да канца 17-пачатку 18 стагоддзя. Як і на большасці тагачасных, на гэтым спалучаюцца кананічныя рысы праваслаўнага і заходнееўрапейскага іканапісу. Менавіта гэта называюць беларускай іканапіснай школай. На здымку Паўла Валанцэвіча бачна на галаве Узмёнскай Багародзіцы нябесная карона (як на абразе Віленскім маці Божай Вастрабрамскай), якую падтрымліваюць анёлы, другая карона-зямная, ачолвае галаву Багародзіцы. Але да сённяшняга дня тыя кароны не захаваліся. А каранаванне Божай Маці ўсталявалася ў каталіцкай царкве ў 16-17 ст.ст.
1 жніўня 1916 года адслужыў малебен ва Узмёнскай царкве за перамогу Расіі ў Першай сусветнай вайне будучы патрыярх Ціхан. Вытрымаў храм падзеі грамадзянскай вайны, калі тут не аднойчы вялі артылерыйскія дуэлі палякі і Дзвінская ваенная флатылія, латышскі браняпоезд абстрэльваў з гармат левы бераг Дзвіны.
Пасля ад'езду з Узмён у 1947-ым Паўла Валынцэвіча святарамі тут былі Яўген Багаткін, Аляксей Дружын, які нарадзіўся ў 1900 годзе ў Смаленску, закончыў гарадское вучылішча і духоўную семінарыю. Да прыходу адносіліся вёскі Узмёны, Брыгітава, Міршчына, Клёміна, Пераслова, Вінагроды, Ліпаўка, Труды, Карандашы, Брыжалюбкі, Дубавыя 1 і 2, Ільмовікі, Даўгінава, Верашчакі, Краты, Крумаўшчына, Божая Ласка, Калачова, Ясёва, Брыжынкі, Гарбы, Вінагроды, Сіткаўшчына, Кляўцы, Мядзведзева, Райполле, Святапамушына, Барсукі, Новае Сяло, Зайцава, Заборцы, Волта, Гагаліншчына, Слабада, Таранды, Буралом 1 і 2, хутар Ласка, Пальшчызна. Зараз пра некаторыя з іх засталіся толькі ўспаміны.
У музеі СШ №3 захаваліся дакументы, якія сведчаць пра гісторыю храма ў пасляваенны час, калі савецкая ўлада мэтанакіравана вяла барацьбу з рэлігіяй і царквой. Так, даведка ад 31 студзеня 1945 года сведчыць аб рэгістрацыі прыходскай абшчыны Свята-Мікалаеўскай царквы, падпісаная ўпаўнаважаным па справах рэлігіі Полацкай вобласці Маркоўскім. Яшчэ раней, 7 ліпеня, падпісана дамова паміж выканкамам Міёрскага Савета дэпутатаў працоўных у асобе яго прадстаўніка Баранава П.М. і грамадзянамі Узмёнскага, Валькаўскага і Мальцаўскага сельсаветаў аб перадачы выканкамам у бестэрміновае і бясплатнае карыстанне ва Узмёнах аднапавярховага мураванага царкоўнага будынка, а таксамам двух аднапавярховых драўляных будынкаў для святара, двух свірнаў, двух гумнаў, двух хлявоў, пуні і дрывотні, а таксама ўсіх богаслужэбных прадметаў. У дакуменце адзначана, што грамадзяне, якя падпісаліся, гарантуюць захаванасць даручанай ім маёмасці і абавязуюцца выкарыстоўваць яе толькі па прызначэнні, плаціць падаткі, дапускаць да праверак прадстаўнікоў мясцовай і
вышэйстаячых органаў улады. За гэта прадугледжвалася матэрыяльная адказнасць.
Дамову падпісалі акрамя протаіерэя Валынцэвіча 27 чалавек, сярод якіх Мацук, Зімнік, Лукашонак, Неплах, Шадурскія, Маляўка, Верашчака, Шамёнак і іншыя.
Вопіс маёмасці, складзены даволі неахайна, сведчыць пра багатае ўбранне храма. Кошт прадметаў у рублях яўна заніжаны, бо вызначана толькі іх матэрыяльная каштоўнасць, а не культурна-гістарычная. Так, у алтарнай частцы знаходзіліся прастол у аблачэнні, ахвярнік у аблачэнні, запрастольны абраз Хрыста Збаўцы 100 на 150 см на палатне, запрастольныя металічны крыж і металічны абраз Багародзіцы, сямісвечнік, даразахавальніца, дараносіца, два напрастольныя металічныя крыжы і адзін драўляны, камплект свяшчэннага посуду, чаша, дзіскас, капіе і лжыца, старая мельхіёравая чаша і дзве такія ж талеркі, коўшык сярэбраны, некалькі невялікіх абразоў, кадзіла, крапідла, посуд для асвечанай вады.

У сярэдняй частцы храма знаходзіўся іканастас, дзе былі тры ківоты з большымі па памеры абразамі. Пры гэтым цудатворны Божай Маці ацэнены толькі ў 50 рублёў. Сем абразоў размяшчалася на сценах. У спісе яшчэ адзначаны плашчаніца, харугвы, люстэркі, шафа для свечак (яе цана 320 рублёў!), даволі шмат кніг, аналойчыкі, паніхідніца, шафа са святарскім аблачэннем, металічныя падсвечнікі і іншае. У прытворы - абраз Збаўцы на палатне, драўляны крыж, званы ў 106, 40 і 8 кілаграмаў.
7 кастрычніка ў царкоўны савет абраны протаіерэй Павел Валынцэвіч, міране Павел Маляўка і Фёдар Рачыцкі, старастам стаў Канстанцін Рачыцкі. Сябрамі рэвізійнай камісіі вызначаны Лаўрэн Заяц, Апанас Тамашэвіч, Сцяпан Зімнік. Гэтыя вынікі засведчаны подпісамі больш чым 30 прыхаджан, у тым ліку В. Белавуса, В. Тамашэвіча, А. Давыдка, В. Неплаха, Ю. Протаса, Ф. Сушко, Е. Васючэнкі, Л. Шамёнак, В. Мухі, Барэйкі, Навіцкай, Воюш, Рамзы, Конах і іншых.
Акт ад 3 ліпеня 1950 г. сведчыць аб крадзяжы з храма ў папярэднюю ноч некалькіх абрусаў, падраснікаў, ручнікоў, сурвэтак, тканіны, 100 рублёў наяўных грошай і іншага. Меркавалі, што гэта справа партызан Арміі Краёвай, аднак нічога так і не было знойдзена.

У адной з анкет сказана, што царкву пастаянна наведвала толькі дзясятая частка вернікаў. Тут працягваліся хрышчэнні, вянчанні, споведзі і пахаванні. У 1958-ым нават перакрыты новай бляхай і пафарбаваны дах, зроблены ўнутраны рамонт. З дакумента 1962 года вядома, што актыўную ролю ў дзейнасці царквы ігралі Мікалай Пліско з Божай Ласкі, Агаф'я Рамза, Лаўрэн Заяц са Скрыдлеўшчыны, у хоры спявалі Павел Бунта, Вера і Вольга Барэйка, Антон Давыдзёнак, Ганна Свістун, Кацярына Тамашэвіч, Палагея Протас, Вера Шамшур, Фёдар Рачыцкі.
У 1968-ым Узмёнская царква была зачынена па прычыне нібы аварыйнага стану. Некаторыя прадметы і абразы перавезены ў Чэрасы, іншыя разабраны вернікамі, частка назаўсёды знікла. Толькі ў 1991 годзе храм адноўлены і адчынены для вернікаў.

Вітольд ЕРМАЛЁНАК.