Тамара Ляхава ў Міёрах пакінула пра сябе добрую памяць і помнікі.
Тамара Ляхава першая ў Міёрах па ўласнай ініцыятыве пачала сістэмнае добраўпарадкаванне могілкаў. Дапамагала ў рэканструкцыі царквы.
Жалобная вестка імгненна даляцела з Віцебска ў першы лістападаўскі дзень: пасля складаных хірургічных аперацый заўчасна закончылася жыццё Тамары Іванаўны ЛЯХАВАЙ. Здавалася, яшчэ нядаўна бачыў гэтую жанчыну на вуліцах Міёр. А тут званкі ў рэдакцыю: трэба размясціць у раёнцы спачуванне, расказаць пра гэтага сціплага чалавека, які шмат зрабіў для нашага горада.
Пазнаёміўся з ёй 8 мая 2015 года падчас асвячэння капліцы на плошчы Загінуўшых барацьбітоў. Металічная памятная шыльдачка сведчыць: “Часовня Святого Благоверного Великого князя Александра Невского построена в 2015 году в честь участников
Великой Отечественной войны 1941-1945 гг. на пожертвования Ляхова Александра Ивановича, жителя города Москва, уроженца Витебской области”. Клапацілася пра стварэнне аб’екта і прадстаўляла ахвяравальніка на ўрачыстасці пры асвячэнні новабудоўлі яго сястра Тамара Іванаўна Ляхава. Пасля мерапрыемства крыху пасядзелі з ёй непадалёку на ўслончыку.
Калі аб’яднаць тое, што пачуў тады з вуснаў самой Тамары Іванаўны і што цяпер дапоўнілі яе сяброўкі Марыя Антонаўна Зінкевіч і Марыя Аляксандраўна Рабцава, атрымаецца наступнае.
Тамара Ляхава нарадзілася ў 1950 годзе на Глыбоччыне ў сям’і дырэктара сельскай школы. Вучыцца пачала там жа, толькі брат заканчваў сярэднюю школу ў Глыбокім, а яна перабралася да цёцяў-настаўніц у Міёры. Раісу Сцяпанаўну Лазарэнка і Марыю Сцяпанаўну Яленскую, спадзяюся, яшчэ добра памятаюць былыя вучні.
Дзеці дырэктара не маглі вучыцца дрэнна, гэта закладзена недзе ў падсвядомасці. І яны стараліся, абодва закончылі школу з залатымі медалямі. Браць прыклад было з каго: бацька Іван Сцяпанавіч - удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, цёця Марыя Сцяпанаўна - былая партызанка, дзядуля абараняў Сталінград, а дзядзя - Маскву. Таму брат Аляксандр пасля Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта служыў у ваенна-паветраных войсках, працягваў справу бацькі лётчыка-франтавіка, які калісь закончыў знакамітае Кашынскае лётнае вучылішча. Па прыкладзе сястры працаваў і ў банкаўскай сферы.
Тамара Іванаўна пасля Міёрскай СШ, тады адзінай, у 1967 годзе паступіла ў знакаміты Наргас, інстытут народнай гаспадаркі. І з яго выпусцілася з “чырвоным дыпломам”, атрымала накіраванне ў Віцебскую абласную кантору Дзяржбанка, дзе працяглы перыяд працавала галоўным эканамістам аддзела па крэдытаванні гандлю. Наступная пасада - начальнік планавага аддзела Віцебскага лікёра-гарэлачнага завода. Пасля распаду СССР пераехала ў Маскву, дзе стала ўпраўляючым філіяла Ленінградскага банка. Узначальвала гэтую фінансавую ўстанову да выхаду на пенсію. У час “заслужанага адпачынку” жыла паміж Масквой, Віцебскам і Міёрамі.
Хаця апошняя фраза не надта адпавядае рэальнасці па многіх меркаваннях. Гэты клопатны перыяд цяжка назваць адпачынкам, бо вырашала мноства фінансавых, гаспадарчых і арганізацыйных пытанняў. Цяжкасцей дадавалі хваробы. Нарэшце, не ведаю, ці запомняць нашу зямлячку ў Маскве і Віцебску, а ў Міёрах яна, не надта афішуючы сваю дзейнасць, сапраўды пакінула пра сябе добрую памяць.
Клапоцяцца пра пахаванні родных людзей многія. Але Тамару Іванаўну можна назваць першай, хто па ўласнай ініцыятыве ў нашым райцэнтры пачаў сістэмнае добраўпарадкаванне могілкаў. Маюцца на увазе “старыя”
могілкі, што за касцёлам па вуліцы Кірава. Некалькі гадоў таму там з’явіўся паклонны крыж, прысвечаны памяці бацькоў мецэнаткі - Ганны і Івана.
Уявіце аб’ём работ, які давялося пры гэтым выканаць. Па-першае, распрацаваць архітэктурны праект, узгадніць яго з дзяржаўнымі і царкоўнымі ўладамі, прайсці прадугледжаныя адміністрацыйныя працэдуры, атрымаць дазволы, падабраць выканаўцаў і ўсё прафінансаваць. Дарэчы, памятны комплекс з’явіўся на месцы вялікага сметніка.
Потым была ўжо ўзгаданая капліца ў цэнтры Міёр. Хаця афіцыйна яе ахвяравальнікам названы Аляксандр Іванавіч Ляхаў, усімі клопатамі займалася непасрэдна Тамара Іванаўна.
Без Тамары Іванаўны не пачалася б рэканструкцыя царквы ў Міёрах.
Нарэшце, як аказалася, апошні праект Тамары Іванаўны - па добраўпарадкаванні “старых” могілкаў. Ад гаспадарчых пабудоў былой цэнтральнай раённай бальніцы зусім нядаўна пракладзена дарога па беразе возера да павышанай пляцоўкі, на якой устаноўлена прыгожая светлая скульптура “Святая Ганна з дачкой Прасвятой Дзевай Марыяй” (пры гэтым зрэзаны небяспечныя дрэвы, убраны хмызнякі і вывезены горы смецця).
Прысвячэнне на пастаменце сведчыць “Скульптура выраблена на сродкі Ляхавай Тамары Іванаўны. Прысвечана памяці яе маці Кушняровай Ганны Карпаўны, цёці Ляхавай Марыі Сцяпанаўны і цёці Ляхавай Раісы Сцяпанаўны”.
І тут жа: “Арганізацыя будаўніцтва - Мяцеліца Уладзімір Іванавіч”.
Звяртаюся да дырэктара УП ЖКГ Міёрскага раёна.
- Не перабольшвайце мае заслугі, - адразу папярэджвае Уладзімір Іванавіч, - наша прадпрыемства выступала толькі як адзін з падрадчыкаў. Хаця, магчыма, з’яўлялася асноўным, выдзяляла тэхніку і выконвала пэўныя работы. Мы працавалі строга па дагаворы, хаця з Тамарай Іванаўнай кантакты падтрымліваем даўно. Усё астатняе - толькі яе заслуга.
Як звычайна, Тамара Іванаўна дзейнічала строга ў рамках закона. Асабіста клапацілася пра праект, узгадненні і дазволы, матэрыялы і падрадчыкаў. Вядома, за ўсё плаціла, нават за пясок дарожнікам. Сродкі на ўсё патрабаваліся значныя, толькі непасрэдна скульптура каштавала 29 тысяч “умоўных адзінак” без уліку іншага.
Такі ж падыход да справы пры арганізацыі будаўніцтва капліцы на плошчы Загінуўшых барацьбітоў, але тады асноўным падрадчыкам стаў “Рамонтнік”. Калі не падводзіць памяць, узвядзенне прыгожага помніка ў цэнтры горада абышлося заказчыку ў 32 тысячы долараў.
Прыкладаў падобнага мецэнацтва ў нашым і суседніх раёнах не ведаю. Таму заклікаю землякоў цаніць усё, што нам у спадчыну пакінула Тамара Іванаўна. Добрай памяццю пра яе стаў бы працяг пачатага. Тамара Іванаўна планавала зрабіць далей па беразе аглядавую сцяжынку, хаця для гэтага патрабавалася грунтоўная падсыпка балоцістых мясцін, каб добраўпарадкаваная дарожка выходзіла на вуліцу Кірава з боку гаргазу. Тады па перыметры могілкаў і экскурсіі можна праводзіць з аповядамі пра слаўных міярчан, якія знайшлі вечны спачын у роднай зямлі.
Протаіерэй Віктар ВАБІШЧЭВІЧ дапоўніў:
- Дзякуючы Тамары Іванаўне пачалася рэканструкцыя царквы ў Міёрах. Яна асабіста прафінансавала пераабсталяванне памяшкання нядзельнай прыходскай школы для правядзення набажэнстваў. Заказвала і аплачвала купалы, удзельнічала ў іншых мерапрыемствах. Купіла ў Маскве і прывезла насценныя свяцільнікі.
Вечная ёй памяць!
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Леанід МАТЭЛЕНАК.