Ёсць месца ля Язна, якое носіць назву Пуцяціна. Бераг выступае дугой у возера. Тут вельмі прыгожа ў розную пару. Старэйшыя жыхары памятаюць: у першай палове мінулага стагоддзя на ўзбярэжжы знаходзіўся маёнтак паноў Касінскіх. Сёння ніякіх прыкмет ад збудавання няма. Хіба што вялікі стары дуб указвае на межы сядзібнага дома.
Пуцяціна - назва рэдкая для нашай мясцовасці, але вельмі распаўсюджаны тапонім для Расіі. Адразу прыходзіць у галаву імя Пуцяты - кіеўскага тысячніка пры князю Уладзіміру Святаслававічу, які хрысціў Русь. Пуцята разам з Дабрыняй агнём і мячом насаджалі веру ў Ноўгарадзе Вялікім. Пуцятам таксама клікалі князя Івана Сямёнавіча Друцкага, які ў XV стагоддзі падпісаў трактат Літвы з мечаносцамі. Яго нашчадкі мелі прозвішча Пуцяціны. А бліжэйшы да нас Пуцята, Януш Дзмітрыевіч, з’яўляўся маршалкам Браслаўскага павета і меў свае зямельныя ўладанні на тэрыторыі сучаснага Міёрскага раёна. Наогул, Пуцяціны - знакаміты княжацкі, а таксама графскі і дваранскі род Расійскай імперыі. Яго прадстаўнікамі былі генералы, героі руска-турэцкай вайны, адміралы, філосафы. Магчыма, хтосьці з гэтага роду і меў адносіны да нашай зямлі. І сядзіба была названа прозвішчам сваіх гаспадароў.
Да 1858 маёнтак Пуцяціна з’яўляўся ўласнасцю пана Мікалая Гласкі, потым належыў сям’і Каржанеўскіх. Непадалёку знаходзіліся могілкі, на якіх была пабудавана драўляная Свята-Успенская царква, разабраная ў 1875 годзе святаром Даніілам Ліхачэўскім. Пазней Пуцяцінскай называлі нейкі час Паўлавіцкую могілкавую царкву ў імя Пакрова Божай Маці. Паколькі на Пуцяцінскіх могілках былі толькі драўляныя крыжы, зразумела, з цягам часу не засталося ніякага знаку ад іх і ад царквы таксама. Старэйшыя жыхары Язна памятаюць, што месца перад мостам праз Аўту на пагорку з боку мястэчка, дзе пачынаецца дарога на Сойчына, называлася царкавішчам.
Вядома, у XIX стагоддзі да Пуцяцінскага прыходу адносіліся вёскі Кілепава, Валатоўкі, Амбросенкі, Плейкі, Паўлавічы, Гаравыя, Чубарына, Раздзёрка, Фурсы, Кабякі, Басянкі, Жарсцвянка, Дворышча, Авечкі, Балаі, Норавы, Панцялеева, Крошнева, Кісялі, Маразы, Вялікае і Малое Завуцце, Клімяты, Сойчына, Гіргялі, Пугаўкі. Многіх вёсак ужо няма. І толькі самыя старыя людзі памятаюць, дзе яны былі. Прыхаджанамі гэтага прыходу, згодна летапісу, былі дзяржаўныя сяляне Курылавічаў і Паўлавічаў, часткова - “былыя прыгонныя сяляне гаспадароў маёнтка Пуцяціна Каржанеўскіх і графа Пузына, Гінтэра і яго нашчадкаў Пшэсецкіх”. Прозвішчы, якія ўвайшлі ў гісторыю. Напрыклад, графы Пузыны разам з вядомымі Агінскімі паходзяць з аднаго княжацкага роду. Некаторыя гісторыкі лічаць іх продкамі князя Васіля Глашыну (Глазыну), які валодаў горадам Мсціслаўцам у вярхоўях Акі. Яго ўнукі пражывалі ў Вялікім княстве Літоўскім, на Смаленшчыне. Ад аднаго з іх, Івана па мянушцы Пузыны, пайшоў род Пузынаў, а ад другога, Дзмітрыя, - род Агінскіх ад назвы маёнтка Агінты. Усім нам вядомы прадстаўнік гэтага роду Міхал Клеафас Агінскі - аўтар славутага паланэза “Развітанне з Радзімай”. Граф Пузына валодаў маёнткам Копаравічы з 1857 года і з’яўляўся нашчадкам графа Гінтэра.
Прозвішча Гінтэр сустракаецца ўпершыню ў часы праўлення Пятра I. Будучы ў Амстэрдаме, цар Пётр запрасіў Івана Якаўлевіча Гінтэра і яго брата Якава на службу ў Расію, каб “быть им первыми бомбардирами и огнестрельными мастерами”. Капітан Гінтэр - бамбардзір Прэабражэнскага палка ўдзельнічаў ва ўсіх войнах Пятра Вялікага, у тым ліку ў Палтаўскай бітве. Пры Кацярыне I яму было прысвоена званне генерал-фельдцэйхмейстар. Прозвішча Гінтэр рэдкае для Расіі і ёсць верагоднасць, што нехта з яго нашчадкаў валодаў мясцовымі землямі. А вось прозвішча Пшэсецкіх, якіх у летапісе называюць нашчадкамі Гінтэра, сустракаецца ў сувязі з дзейнасцю масонскай ложы ў Пецярбургу.
Яшчэ ў Пуцяцінскім прыходзе ў сярэдзіне XIX стагоддзя ўпамінаюцца ўладальніца маёнтка Завуцце пані Кірыа або Карыа і ўладальнік маёнтка паблізу вёскі Кілепава Вікенцій Буйніцкі.
Апошнімі ўладальнікамі маёнтка Пуцяціна былі Касінскія. У Міёрскім архіве ў метрычнай кнізе за 1920 год, дзе ўпамінаецца хросны бацька - дваранін маёнтка Пуцяціна Вацлаў Якаўлевіч Касінскі. Па словах Аляксандра Пахомавіча Попела, які добра памятае гаспадароў гэтай зямлі, сям’я Касінскіх была вялікая - чалавек 15. Падчас вайны сядзібны дом быў спалены партызанамі. Свіран прыстасавалі пад жыллё. У канцы вайны мужчыны змагаліся ў польскім войску. Жанчыны сям’і разам з дзецьмі выехалі ў Польшчу. Нашчадкі гаспадароў маёнтка гадоў 10 таму наведалі нашу вёску. Шукалі жыхароў, якія маглі б што-небудзь расказаць аб іх продках і паказаць месца, дзе знаходзілася радавое гняздо Касінскіх.
І. МІКАЛАЕВА
( І. Стома. Фота аўтара)
Свята-Успенская царква в. Пуцяціна
Свята-Успенская царква знаходзілася на могілках в. Пуцяціна ў дзвюх вярстах ад Язна. Будынак драўляны. Час пабудовы Пуцяцінскай царквы нідзе ў дакументах не ўказаны. Але ў кнізе Дзяніса Лісейчыкава "Святар у беларускім соцыуме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства 1596-1839 гг. - Мінск, 2015" ёсць звесткі, што ў 1702 годзе ў Пуцяціна быў святар Аляксандр Кастравіцкі. Інфармацыя пра больш раннія гады, па словах Дзяніса Лісейчыкава, шукае свайго даследчыка. Можна лічыць, што царква існавала амаль 200 гадоў, была зачынена ў 1875 годзе і разабрана святаром Даніілам Ліхачэўскім.
Паколькі на Пуцяцінскіх могілках былі толькі драўляныя крыжы, з цягам часу не засталося ніякага знаку ад іх, а таксама і ад царквы.
Карты з паметкамі прыкладнага месца знаходжання былой царквы в. Пуцяціна даслала Ірына Стома
Малавядомая старонка гісторыі роднага краю
|
|
|
Радуга прыкладна паказвае, дзе хутчэй за ўсё знаходзілася Пуцяцінская Успенская царква. Гэта мост праз р. Аўту з боку Каралеўскіх. |
Тут злева і знаходзілі рэшткі падмурка |
Вёска Пуцяціна знаходзілася правей, на беразе возера Вялікае Язна |
|
|
Па дакументах да Язненскай царквы дзве вярсты |
У гэтым месцы на беразе возера Вялікае Язна знаходзіўся Гасподскі двор Пуцяціна |