08.10.2010
http://mijory.by/ryeligiya/430-bagataya-gistoryya-pryeabrazhyenskaj-carkvy.html
Прэабражэнская царква ў Язне сёлета адзначае 110-годдзе. Сапраўды, храм, узведзены з цэглы ў псеўдарускім стылі ў пачатку мінулага стагоддзя. Аднак у святыні гэтага населенага пункта больш багатая гісторыя, аб чым сведчыць кліравая ведамасць за 1897 год, якая захоўваецца ў музеі мясцовай школы.
Язненская Прэабражэнская царква пабудавана ў 1828 годзе памешчыкам Раймундам Корсакам. Тады драўляны будынак са званіцай лічыліся часовымі. Аднак ім давялося выстаяць даволі працяглы час. Праз 50 гадоў яны падгнілі і запатрабавалі рамонту. Неўзабаве замянілі падлогу і столь, значна пазней перакрылі дах гонтам. Прыхаджане сабралі 250 рублёў, вялікія па тым часе грошы, для таго, каб з’явіўся двух’ярусны іканастас і новы прастол, яны былі асвячоны 6 жніўня 1892 года.

У храме служылі святар і псаломшчык. Царква з’яўлялася даволі буйным землеўладальнікам: у 1850 годзе мела 42 дзесяціны зямлі, калі будынак займаў толькі 153 квадратныя сажані. Найбольшыя плошчы займалі ворыва, сенакосы і няўдобіцы, а частку малаўраджайнай зямлі, што затаплівалася ў паводку, прыбраў да сваіх рук памешчык.
Царква з’яўлялася пэўным культурным асяродкам. Пры ёй дзейнічала бібліятэка, у якой было 179 кніг рэлігійна-маральнага накірунку. У 1887 годзе з вёскі Пуцяціна перавезена хата, у якой пачала дзейнічаць царкоўна-прыходская школа, у якой асвойвалі пісьменнасць 20 хлопчыкаў і дзяўчынка. Заняткі праводзілі святар і селянін з вёскі Дранькі Ігнат Рыгоравіч Казлоўскі, што закончыў Язненскае народнае вучылішча. Адначасова была створана школа пісьменнасці ў Жойдзіках для 9 хлопчыкаў і 3 дзяўчынак, займаўся з якімі Міхаіл Дзмітрыевіч Шчарбіцкі, таксама выпускнік Язненскага народнага вучылішча. Дарэчы, у гэтым вучылішчы ў 1896-1897 навучальным годзе вучыліся 42 хлопчыкі і 15 дзяўчынак. Заняткі праводзіў настаўнік Сяргей Рыгоравіч Выдрыцкі-выпускнік настаўніцкай семінарыі ў Маладзечна.

У апошнім дзесяцігоддзі 19 ст. пачаўся збор сродкаў на ўзвядзенне новага храма. Прыхаджане да 25 мая 1893 года сабралі 681 рубель 53 капейкі. Ахвяраванні склалі 216 рублёў. А потым 1000 рублёў выдзеліла Віленская епархія. Дарэчы, да губернскага цэнтра ў Вільні адсюль былі 292 вярсты.

Трэба меркаваць, будаўнічыя работы пачаліся крышку пазней, пасля 1897 года.

Л. АЛЯКСАНДРАЎ.