Мітрафорны протаіерэй Дзімітрый Пятровіч Агіевіч
27.08.1985-18.02.1988  служэння ў Цвецінскай царкве  Уздвіжання Крыжа  Гасподняга
(Матэрыялы даслаў Павел Лаўрыновіч)
 
Нарадзіўся 26.09.1961 года ў в.Рубель Столінскага р-на.
1977 - скончыў 8 класаў Рубельскай СШ.
1978 - скончыў Бабруйскае ГПТВ-60.
1978-1980 - служба ў арміі.
1980-1985 - праца ў калгасе.
1985 - рукапаложаны ў сан дыякана.
26.08.1985 - рукапаложаны ў сан сьвятара Філарэтам(Вахрамееў), мітрапалітам Менскім і Беларускім у кафедральным саборы г.Менска.
Протаіерэй Дзімітрый Пятровіч Агіевіч
27.08.1985-18.02.1988 - настаяцель царквы Узьдзвіжаньня Крыжа Гасподняга в.Цвеціна.
27.08.1985-18.02.1988 - сьвятар царквы Апостала  Іаана Багаслова в.Галамысль Мёрскага р-на.
18.02.1988 - служыць цяпер - настаяцель царквы Святых Канстанціна і Алены г.Валожын.
Узнагароды і асаблівыя адзнакі:
              - 2016 - Валожынскі благачынны,
3.02.2006 - Падзяка Патрыяршага экзарха (№124).
- протаіерэй.
- 2016 - паліца.
- 2016 - мітра.

Жонка - Валянціна Іванаўна.
Дачка - Алена, скончыла Санкт-Пецярбургскую духоўную акадэмію-семінарыю.
Сын - Канстанцін, Менская ДС.

Крыніцы інфармацыі:
Уладзімір Гарыдавец: інтэрнет-даведнік ”Лёсы праваслаўнага духавенства і міран Віцебшчыны" 1917-1990.
Асаблівыя заслугі ў справе служэння Праваслаўнай царкве

http://psl.by/?p=20729
Газета Валожынскага раёна "Працоўная слава" 20 мая 2016 года
За асаблівыя заслугі ў справе служэння Праваслаўнай царкве і прапаведавання слова Божага Благачынны Валожынскай акругі, настаяцель Свята-Канстанціна-Аленінскай царквы ў Валожыне протаіерэй Дзмітрый АГІЕВІЧ адзначаны вышэйшай патрыяршай узнагародай - правам нашэння мітры і тытулам мітрафорны, а настаяцель Гародзькаўскай Свята-Пакроўскай царквы протаіерэй Сергій ЛІНКЕВІЧ адзначаны епіскапскай узнагародай - правам нашэння паліцы.
Загад аб заахвочванні айца Дзмітрыя падпісаў Яго Праасвяшчэнства Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл. Уручыў узнагароду Епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел, які ў другую нядзелю пасля Вялікадня наведаў Валожынскую царкву і адслужыў Божую літургію. У набажэнстве прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў С. Ф. Глінскі і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. М. Адамовіч.
Мітра - галаўны ўбор, на якім па баках змяшчаюцца чатыры маленькія іконы - Ісуса Хрыста, Божай Маці, Іаана Прадцечы і Крыжа Гасподняга, яшчэ адна ікона - Святой Тройцы - размешчана зверху. Мітра ўпрыгожвае святара, паколькі ён падчас набажэнства адлюстроўвае Цара Хрыста і адначасова нагадвае пра цярновы вянок, які быў ускладзены на галаву Выратавальніка ў тыдзень крыжовых пакут.
Паліца - частка богаслужэбнай рызы святара: ромб, зроблены з матэрыі з крыжам пасярэдзіне, які прычапляецца за востры вугал на стужцы і носіцца ля правага бядра. Яна сімвалізуе духоўны меч - Слова Божае, якім заўсёды павінен быць узброены пастыр, а таксама край ручніка, якім Ісус Хрыстос абціраў ногі.

Алена ЗАЛЕСКАЯ
Жыццёвыя прыярытэты айца Дзмiтрыя

http://psl.by/?p=20133
Газета Валожынскага раёна "Працоўная слава" 21 сакавіка 2016 года
У 1866 годзе, 150 гадоў назад, у Валожыне была пабудавана царква Святых Роўнаапостальных цара Канстанціна і царыцы Алены. Ішоў час, мяняліся настаяцелі, але нязменна захоўваліся хрысціянскія традыцыі і духоўная спадчына нашага народа. Хутка будзе 30 гадоў, як у храме служыць айцец Дзмітрый АГІЕВІЧ. Ён з любоўю адносіцца да сваёй паствы, а праз любоў спасцігаецца вера, людзі шукаюць шлях да яе. Падчас яго служэння шмат хто адкрыў для сябе дарогу ў храм.
- Айцец Дзмітрый, раскажыце, калі ласка, што паспрыяла таму, што Вы сталі святаром?
- Кожнаму чалавеку Гасподзь Бог дае вызначаны жыццёвы шлях. Мая асабістая заслуга ў тым, што стаў свяшчэннікам, напэўна зусім малая. Нарадзіўся і вырас я ў вёсцы Рубель Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. У сям’і гадаваліся пяцёра хлопчыкаў. У нашым доме заўсёды панавала атмасфера любові. Кожную нядзелю мы абавязкова наведвалі царкву. Бацькі стараліся далучаць нас, дзяцей, суадносна ўзросту да розных хатніх спраў, а гэта вельмі важная аснова для будучага жыцця.
   - Хто найбольш паўплываў на выбар прафесіі?
- З маленства кожны задумваецца аб сваім прафесійным будучым. Вялікі ўплыў на мяне аказаў духоўны айцец протаіерэй Андрэй Каляда. Ён быў не проста свяшчэннікам, але і вялікім настаўнікам, для ўсіх прыхаджан з’яўляўся прыкладам незвычайнай інтэлігентнасці, адукаванасці і любові да кожнага чалавека. Яго ўвага да людзей і ахвярнасць сабой дзеля выратавання блізкага сталі для мяне прыкладам на ўсё жыццё.
   - Напэўна, прыйшлося сутыкнуцца і з цяжкасцямі?
- Блізкія адносіны з протаіерэем, жаданне быць у царкве і магчыма самому стаць свяшчэннікам раздражнялі маіх таварышаў. Я чуў папрокі і насмешкі ў свой адрас. На выбраным шляху мяне ўтрымала малітва дарагой матулі. Сябры адвярнуліся, але пасля таго, як я дасягнуў сваёй мэты, многія з іх зноў сталі цікавіцца маім жыццём і аднавілі зносіны.
Асільвалі сумненні, малавер’е і няўпэўненасць, але я адчуваў, дзе лепш для маёй душы. Дзякую Богу, бацькам і настаўнікам за ўсё, што яны мне далі. Да сённяшняга дня не пакідае пачуццё недасканаласці, я стараюся апраўдаць аказаны мне давер служыць у царкве Хрыстовай. Гасподзь гаворыць нам: “Будзьце дасканалымі, як я дасканалы ёсць”. Стаць дасканалымі, як Бог, немагчыма, але патрэбна імкнуцца, у тым ліку і ў працоўнай дзейнасці.
   - Шмат гадоў назад Вы прыехалі ў Валожын. Якім ён тады Вам падаўся?
- На прыход храма Святых Роўнаапостальных цара Канстанціна і царыцы Алены ў Валожыне я прыехаў у студзені далёкага 1988 года. Памятаю, як уразіў мяне сваёй велічынёй і прыгажосцю храм. Вялікіх навыкаў у вядзенні богаслужэнняў не было. Да гэтага 3 гады служыў на прыходзе вёскі Цвеціна Міёрскага раёна Віцебскай вобласці ў Крыжаўзвіжанскім храме. У Валожыне назва царквы таксама непасрэдна звязана са здабываннем Крыжа Гасподняга і яго Узвіжаннем. І цяпер думаю, што гэта не проста супадзенне, а промысел Божы, звязаны менавіта з маім жыццёвым крыжам і крыжам нашага прыхода.
Валожын жыў і цяпер жыве традыцыямі многіх пакаленняў. Добра, што яны працягваюцца і дапаўняюцца творчымі і працоўнымі дасягненнямі сваіх жыхароў. Тут сышліся розныя рэлігійныя ўплывы. Радуе тое, што праваслаўныя і католікі жывуць у міры і ўзаемаразуменні. Нягледзячы на розныя каноны, узаемаадносіны будуюцца на Божых Запаведзях абедзвюх цэркваў, дзе павінны панаваць вера, надзея, любоў і прамудрасць Божая.
   - Раскажыце пра абавязкі настаяцеля царквы і Благачыннага Валожынскай акругі?
- Мы ўсе ў жыцці нясём вызначанае паслушэнства, працуем на карысць сваёй сям’і, грамадства і дзяржавы ў цэлым. Абавязкі, якія ўскладзены на мяне, такія ж, як і ва ўсіх святароў. Трэба ўважліва выконваць статут Царквы Хрыстовай, правілы малітваў, праводзіць богаслужэнні па канонах праваслаўя. Ад пастыра залежыць, як ідуць справы ў прыходзе, а пастаянныя зносіны з людзьмі - самы лепшы градуснік вымярэння ўзроўню жыцця паствы ў цэлым.
   - Вашы жыццёвыя прыярытэты?
- Гаварыць аб тым, што я ўжо дасягнуў патрэбнага ўзроўню ў сваім служэнні святаром, было б няправільным, бо ніхто не ведае, што нам прынясе наступны дзень. Мы можам сутыкнуцца з нечым нечаканым і для нас нават невырашальным.
   - Што дапамагае ў працы?
- На вызначаным шляху служэння ў царкве галоўнае - стан душы, а ён залежыць ад таго, хто знаходзіцца побач, і што нясе ў адносінах да мяне кожны ў асобнасці. Стараюся пастаянна змагацца са сваімі эмоцыямі. Мы, людзі, слабыя і самі нічога не можам. Таму заўсёды звяртаюся за дапамогай да Госпада Бога.
    - Айцец Дзмітрый, як Вы лічыце, якія праблемы для нашага грамадства найбольш актуальныя?
- Па маім разуменні, цяпер ёсць нейкая абыякавасць, а можа нават раўнадушша, агрэсіўнасць і непрыязнасць адзін да аднаго, зайздрасць. Зусім няма часу выкараняць пустазелле са сваёй душы. Усе бягуць, рашаюць, як здаецца, нейкія вельмі важныя пытанні, але яны хутка губляюць актуальнасць, а ўзнікаюць іншыя, яшчэ больш важныя. І так да знясілення, а вынік не задавальняе, усё нечага не хапае, няма згоды. Вельмі многа фармальнасці і крывадушша.
Гэта адзін бок жыцця, але ёсць і другі. Кожнаму чалавеку Бог даў магчымасць думаць, у свеце няма межаў для творчых дасягненняў. Большасць людзей дадзены ім талент не закопваюць, а прымнажаюць сваімі справамі. Ёсць выраз аб тым, што жыць трэба сумленна, а сумленне - ёсць голас Божы, які гаворыць у нашай душы. Толькі дапамагаючы адзін аднаму і па- сапраўднаму спачуваючы ў бядзе, падтрымліваючы ў добрых пачынаннях, радуючыся поспехам іншых, мы можам дасягнуць міру, спакою і ўпэўненасці ў лепшым будучым.
   - Ваша настольная кніга?
- Біблія, безумоўна, - кніга сярод усіх кніг. Малітваслоў таксама займае важнае месца як у жыцці свяшчэннаслужыцеля, так і простага прыхаджаніна. На маім стале заўсёды ляжыць і праваслаўны царкоўны каляндар. Тут указаны двунадзясятыя святы і царкоўныя памятныя даты, на кожны дзень ёсць пералік імянных святых. Кіруюся ім у выбары кнігі для службы на кожны дзень, для чытання ці вызначанага богаслужэння.
    - Чым любіце займацца ў вольны час?
-  Калі не заняты на богаслужэннях, стараюся рабіць тое, што прынясе карысць для царквы і для маёй душы. А, наогул, я такі ж чалавек, як усе, са сваімі паняццямі і пачуццямі.
    - Як Вы думаеце, што павінна быць галоўным у жыцці чалавека?
- Галоўнае - не апаганіць у сабе вобраз Божы, які першапачаткова дадзены чалавеку, пранесці яго праз жыццё ў чысціні і праўдзе.
    - Людзі, у тым ліку і праваслаўныя, цяпер вераць у мноства розных прыкмет, фэн-шуй, кітайскі каляндар, гараскоп і іншае. Што Вы думаеце пра гэта?
- Не толькі цяпер, але і ва ўсе часы былі розныя забабоны, вераванні і прыкметы. Нячыстая сіла не страшная чалавеку, пакуль ён сам не ўпусціць яе ў свае душу і жыццё. Д’ябал дзейнічае толькі пасля таго, як мы накіроўваем свае думкі не да Бога, а да яго. Ён радуецца, калі чалавек паклоніцца і хаця б ускосна паўдзельнічае ў чорных вядзьмарскіх справах. Трэба прытрымлівацца павучанняў Святых айцоў і правільных традыцый дзядоў і прадзедаў, а не шукаць таго, хто нешта там наварожыць і вырашыць нашы праблемы і беды.
    - Наколькі неабходныя для праваслаўнага чалавека таінствы хрышчэння, вянчання?
- Нам, людзям, каб выратавацца, патрэбна прыбягаць да таінстваў царквы, хаця б да самых неабходных. Гасподзь сказаў: “Хто хрысціцца - выратаваны будзе, а хто не хрысціцца - будзе асуджаны”. Хрышчэнне абазначае пачатак жыцця нашай душы з Богам на зямлі.
Вянчанне - гэта благаславенне Божае жыць у шлюбе чыста і бязгрэшна, не здраджваючы адзін аднаму. Муж спасе жонку, жонка спасе мужа, праяўляючы выключнае цярпенне. І ў гэтым подзвігу ўзаемнай любові ідзе працяг роду чалавечага. Сям’я, дзе муж і жонка жывуць у вернасці, разумеючы ўсю адказнасць, якая ўскладзена на іх, і асвечаная благаславеннем Божым - гэта малая Божая царква. Яна вельмі значная для грамадства ў цэлым і для кожнага ў асобнасці.
   - Што карысна для душы чалавека?
- Самае важнае для душы - выратаванне ў Госпадзе нашым Ісусе Хрысце. Тыя, хто клапоціцца пра часовае і тленнае, якое хутка праходзіць, думаюць, што жывуць сапраўдным жыццём. Яны не заўважаюць, што знаходзяцца ў сетцы нячыстага, не маюць дадзенай Богам свабоды. Не павініўшыся ў гэтым жыцці, яны ідуць у іншы свет, дзе іх чакае выпрабаванне намнога большае, чым можна ўявіць.
    - Прайшла Масленіца, ідзе пост, наперадзе Вялікдзень. Як патрэбна праводзіць гэты час?
- Масленіца - нядзеля пасля загавення на мяса перад вялікім постам. Гэта час благадатнага становішча душы хрысціяніна, які даецца для таго, каб чалавек у нейкай ступені выпрабаваў сябе, падрыхтаваўся да посту, як воін да вялікай бітвы. Вораг можа быць намнога мацнейшы. Таму, калі ты адчуваеш, што слабейшы, не бяры вялікага мяча, які, падняўшы на ворага, ад твайго бяссілля вываліцца з рук.
Царква падчас посту прапаноўвае дні ўстрымання не толькі ў ежы, але і ў паводзінах. Гэта час, калі мы можам ацаніць, на што здатныя, як умеем кіраваць сабой. Для хрысціяніна кожны дзень павінен быць святам, ці гэта Масленіца, ці пост, ці Вялікдзень. Хрыстос-выратавальнік сказаў: “Няспынна радуйцеся!” Гэта значыць, добрую, шчырую радасць трэба дарыць усім без выключэння, нават у час вялікага посту. Не рабі напаказ, што ты такі поснік, зачыні дзверы і памаліся, каб ніхто не ведаў, бо ты гэта робіш найперш за ўсё для выратавання сваёй душы. Нельга папракаць адзін аднаго ў тым, што не вытрымліваецца пост, гэта справа асабістая.
    - Што б Вы пажадалі нашым чытачам?
- Усім жыхарам горада і раёна без выключэння жадаю ісці па жыцці з духоўнай радасцю. Святое імя хрысціяніна абавязвае нас увесь час быць у стане гатоўнасці: прабачаць, любіць, дарыць, ахвяраваць сабой і дзякаваць Богу за творчую прыгажосць і магчымасці, якія Ён даў чалавеку.

Гутарку вяла Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара