Фармат старога негатыва. На шкле Валынцэвіча. Культура. №5-6 2011 г.
Сёння ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспубпікі Беларусь працуе выстаўка, якая, без перабольшвання, адкрыла новую старонку ў гісторыі фотамастацтва і культуры Беларусі. Павел Валынцэвіч - беларускі святар -фотааматар, пакінуўшы нашчадкам калекцыю больш чым з 300 работ, перадаў будучым пакаленням унікальныя сведчанні таго, як жыла беларуская сельская інтэлігенцыя ў пачатку XX стагоддзя. Ягоныя здымкі - гэта летапіс будняў і святаў звычайнай сям'і, поўных ціхіх радасцяў, надзеі, міру. Летапіс нетаропкага і, разам з тым, насычанага жыцця невялікай беларускай вёсачкі, маленькага праваслаўнага прыхода. "Звычайны" сямейны альбом, у якім - партрэт вядомага часу ў нечаканым ракурсе. Беларускім калекцыянерам Ігару Сурмачэўскаму, Дзмітрыю Сярэбранікаву і фатографу Уладзіміру Суцягіну ўдалося данесці невядомы скарб да сучасніка, сабраўшы "па крупінках" распрададзены фотаархіў праваслаўнага святара і аднавіўшы яго. "К" прапануе чытачам прайсці па слядах даследчыкаў, каб адсачыць шлях адраджэння мінуўшчыны, поўны ўражальных адкрыццяў.
Па слядах аднаго даследавання
Гэтая сапраўды дэтэктыўная гісторыя пачалася з таго, што ў рукі калекцыянераў фатаграфіі - Ігара Сурмачэўскага і Дзмітрыя Сярэбранікава - трапілі старадаўнія негатывы невядомага аматара ХХ стагоддзя.
Калекцыянеры зацікавіліся, прыгледзеліся і, паразважаўшы над лёсам ананімных, не ў лепшым выглядзе, негатываў на шкле, амаль вырашылі з імі развітацца. Але ў справу "ўмяшаўся" лёс. "Безумоўна, ва ўсёй гэтай гісторыі не абышлося без Божага промыслу", - кажа адзін з шукальнікаў Дзмітрый Сярэбранікаў. Фатографу Уладзіміру Суцягіну, да каго звярнуліся калекцыянеры, удалося высветліць імя святара, выява якога прысутнічала на большасці старых здымкаў. І... справа закіпела.
Невыпадковая выпадковасць
Невядома, як склаўся б лёс калекцыі, калі б не адна з самых дзіўных падзей у яе гісторыі - час і месца знаходкі фотаархіва. Збор быў адшуканы на гарышчы дома, дзе калісьці жыў сын Паўла Валынцэвіча - Сяргей, яго цяперашнімі гаспадарамі.
- У свой час дом Сяргея Валынцэвіча, які знаходзіцца ў Ваўкавыску, быў прададзены,- распавядае Дзмітрый Сярэбранікаў. - Сваякі, мабыць, палічылі немэтазгодным забіраць з сабой старадаўнія негатывы, бо ў іх заставаўся сямейны альбом з пазітыўнымі выявамі. Маёмасць набываюць новыя гаспадары і знаходзяць архіў. Дзіўна тое, што яны вырашаюць прадаць яго толькі праз 35 гадоў - прыкладна два гады таму. Здарылася б гэта ў іншы час - усё магло быць іначай...
Як бы там ні было, але, праляжаўшы больш за тры дзясяткі гадоў у доме, збор атрымлівае другое жыццё, разлятаючыся па калекцыянерах.
- Да мяне негатывы Паўла Валынцэвіча трапілі ад гродзенскага калецыянера Тадэуша Зяленскага, - распавядае аб сваёй першай сустрэчы з работамі фотааматара Ігар Сурмачэўскі. - У чыіх яны былі руках да гэтай пары, мы можам толькі меркаваць. Чаму яны мяне зацікавілі? Суполка калекцыянераў не такая і вялікая. Усе між сабой знаёмыя, ведаюць пра захапленні адно аднаго. У прыватнасці, Тадэуш ведае, што кола маіх інтарэсаў - культура Беларусі, помнікі архітэктуры, этнаграфія... Ён, адпаведна, і прапанаваў мне негатывы з выявамі культавых збудаванняў...
Яшчэ адно супадзенне
- Добры дзень! Мы хацелі б вам распавесці пра вашага дзядулю, - такімі словамі распачалося знаёмства Людмілы Сяргееўны Мікашэўскай-Валынцэвіч з калекцыянерамі фатаграфій Ігарам Сурмачэўскім, Дзмітрыем Сярэбранікавым і фатографам Уладзімірам Суцягіным, як пішуць у раманах, "адным звычайным зімовым днём".
- Тэлефанаванне было вельмі нечаканым, - адзначае ўнучка святара-фотааматара, выстаўка фатаграфій якога сёння прагрымела на ўсю краіну, - але і вельмі прыемным. Мы і не думалі, што кагосьці могуць зацікавіць здымкі нашага дзядулі, якія мы за савецкім часам нават хавалі ад чужых вачэй. Самі разумееце, час быў такі...
Відавочны інтарэс сучасных пакаленняў да фатаграфічнай спадчыны Паўла Валынцэвіча, зазначае Людміла Сяргееўна, стаў сапраўдным падарункам. Пад час сустрэчы з даследчыкамі яна паказала сямейныя альбомы, якія захоўваюцца ў яе. Іх, як высветлілася, захавалася нямала - аж 15.
- Натуральна, многіх здымкаў з калекцыі Людмілы Сяргееўны ў нас не было, - дадае Уладзімір Суцягін, - і мы прапанавалі аб'яднаць намаганні, з тым, каб спадчына Паўла Валынцэвіча была прадстаўлена на будучай выстаўцы як мага больш поўна...
Прыкладна ў гэты ж час фотаработы Паўла Валынцэвіча набывае і Дзмітрый Сярэбранікаў, абапіраючыся на свае зацікаўленасці. У яго выпадку "след вядзе" таксама да Тадэуша Зяленскага.
- Мы - інстытуцкія таварышы, - дзеліцца калекцыянер, - таму няма нічога дзіўнага ў тым, што ён звярнуўся да мяне. Перыяд Першай сусветнай вайны, праваслаўная тэматыка - Тадэушу вядома, якімі тэмамі я цікаўлюся, таму ён і прапанаваў мне адпаведны прадукт...
Па шчырасці, прызнаецца Дзмітрый, набыўшы арыгіналы негатываў невядомага аўтара, ён не вельмі ясна ўсведамляў, што з імі можна рабіць далей.
- Так здараецца, што асноўная справа калекцыянераў - гэта збіранне, - тлумачыць даследчык. - І колькасць матэрыялу не заўжды пераходзіць у якасць. Так, я бачыў, што негатывы - старадаўнія: датуюцца самым пачаткам ХХ стагоддзя, - але што з імі можна зрабіць, ці магчыма, увогуле, атрымаць з іх якасную выяву, мне было невядома. Таму і ідэя аб тым, каб проста перапрадаць шкляныя пласцінкі далей, падавалася на той час адной з самых слушных...
Тым не менш, Дзмітрый расказвае аб знаходцы святару свайго прыхода - айцу Андрэю, які раіць звярнуцца да фатографа Уладзімра Суцягіна.
- Калі Уладзімір, прагледзеўшы матэрыял, адказаў мне, што пазітыўная выява - магчымая, - працягвае расповед Дзмітрый, - тут ужо я атрымаў сапраўдны імпульс. Мяне "зачапіла"! Я вырашаю працягваць збіраць калекцыю... У гэты ж час і Ігару Сурмачэўскаму не дае спакою знойдзены матэрыял. На адной з сустрэч Ігар і Дзмітрый дзеляцца сваім "галаўным болем" і разумеюць, што яны зацікавіліся калекцыяй аднаго і таго ж аўтара! - Рашэнне скаардынавацца ўзнікла само сабой, - узгадваюць яны. Далучэнне ж Уладзіміра Суцягіна да групы шукальнікаў выводзіць даследаванне на новы ўзровень.
Пошукі працягваюцца
- Як толькі Дзіма даведаўся, што пазітыўная выява - магчымая, - далучаецца да гутаркі Уладзімір Суцягін, - ён пачаў прыходзіць да мяне прыкладна раз на тыдзень з новымі работамі. Я навучыў яго правільна апрацоўваць шкляныя пласцінкі, і ён прыносіў іх ужо гатовымі для сканіравання.
- Арыгіналы былі ў розным выглядзе, - ацэньвае стан негатываў Дзмітрый, - былі і расколатыя, і ў добрым стане. Але, зразумела, ніхто не ведаў, як можа паводзіць сябе эмульсія, таму пэўная напружанасць і канцэнтрацыя пры апрацоўцы патрабаваліся заўсёды.
Калі збор налічваў больш за 30 фота, рупліўцы пачалі вылучаць ідэі наконт таго, хто ж з'яўляецца аўтарам здымкаў.
- Мы бачым, што ўвесь час на негатывах трапляецца надпіс "Узмены", - тлумачыць Уладзімір, - ёсць шмат выяў храма, і паўсюль - адзін і той жа святар.
Сталі разважаць: магчыма, здымкі рабіў асабісты фатограф сям'і бацюшкі, або хтосьці з ягоных блізкіх. Але як гэты чалавек мог здымаць святара і ў 1900 годзе, і ў 1928-м, і ў тым жа 1949-м? Ды яшчэ - у розных месцах? Няўжо ўвесь гэты тэрмін ён жыў паблізу і сачыў за ім?
Каманда вырашае звярнуцца па дапамогу да Надзеі Саўчанка - загадчыка аддзела пісьмовых і выяўленчых крыніц Нацыянальнага гістарычнага музея краіны. Эксперт высока ацэньвае гістарычную каштоўнасць матэрыялу і прапаноўвае садзейнічанне ў пошуках. І тады Ігар, Уладзімір і Дзмітрый праз музей пішуць запыт у Нацыянальны гістарычны архіў і просяць даведацца, які праваслаўны святар служыў ва Узменах прыкладна з 1905 года. Прыходзіць адказ: Павел Валынцэвіч.
- Гэтая звестка нас акрыліла. Ды ўсё ж мы не былі ўпэўнены, што менавіта гэта і ёсць аўтар: так, ён, святар, прысутнічае на большасці фатаграфій, але гэта не факт пацвярджэння аўтарства, - распавядаюць пра свае сумненні шукальнікі.
Праз пэўны час Дзмітрый прыносіць новую частку негатываў. На адным з іх пазначана: "Усталяванне помніка на магіле бацькі". А на фота - помнік з надпісам "Канстанцін Валынцэвіч".
- Так мы даведаліся, што бацька нашага героя пахаваны ў Вялікіх Бераставіцах.
Шчаслівы фінал. Але ці фінал?..
Ды ўсё ж канчаткова шукальнікі ўпэўніваюцца ў аўтарстве Паўла Валынцэвіча пасля атрымання інфармацыі з Віцебскага архіва КДБ.
- У гэты час наш пошук сапраўды стаў нагадваць дэтэктыўную гісторыю, - узнаўляе падрабязнасці Дзмітрый. - Мы знаходзім у Інтэрнэце інфармацыю пра сына айца Паўла - Сяргея Валынцэвіча, які абраў шлях бацькі і таксама стаў святаром. Звесткі - вельмі фрагментарныя: маўляў, Сяргей Валынцэвіч нарадзіўся там-та і там-та, жыў ва Узменах, а ў 1921 годзе быў арыштаваны і асуджаны за невядомы праступак. Рэабілітаваны ў 1993-м.
- Усё выглядае так, нібыта ён загінуў,- дадае Ігар. - Больш за тое: да нас трапляе ненадрукаваны артыкул, у якім расказваецца, што Сяргей Валынцэвіч быў рэпрэсіраваны за веру...
Пайсці па памылковым следзе шукальнікам перашкаджаюць самі фатаграфіі.
- Роўна праз тыдзень пасля атрымання гэтай інфармацыі Дзмітрый прыносіць новы здымак, - узгадвае Уладзімір.- На ім Сяргей сядзіць на лаўцы ва Узменах, жывы і здаровы. На негатыве - пазнака: "1923". І мы разумеем, што святар не загінуў, прынамсі, у гэтым годзе быў жывы...
Праз музей даследчыкі накіроўваюць запыт у Віцебскі КДБ і атрымліваюць падрабязныя даныя пра маладога Валынцэвіча: дзе, калі і за што быў арыштаваны Сяргей, плюс - дакладныя імёны бацькі, маці, іншых сваякоў маладога святара, пазначаныя ім у анкеце. Для каманды гэтая інфармацыя стала вырашальнай. Цяпер яны дакладна разумеюць, што аўтар здымкаў- менавіта Павел.
- Але дзе, як і калі скончылася жыццё Сяргея, нам па-ранейшаму невядома, - узнаўляюць гісторыю пошуку Ігар, Дзмітрый і Уладзімір. - Мы звяртаемся ў архівы ЗАГСа Міёрскага раёна, на тэрыторыі якога знаходзяцца Узмены. Даных пра яго няма. Тэлефануем у Вялікія Бераставіцы, радзіму Паўла Валынцэвіча, - няма інфармацыі. Знаходзім месца пахавання матушкі Веры, жонкі Паўла Валынцэвіча, маці Сяргея: яна загінула ў 1940 годзе. Але яго след губляецца...
- Калі няма звестак пра ягоную смерць, мы разумеем, што недзе там, у нашым мінулым, ён яшчэ жыве,- апісвае парадаксальныя адчуванні Уладзімір.
І зноў даследчыкам дапамагаюць знойдзеныя фатаграфіі. Праз іх становіцца зразумела, што Сяргей пакінуў Узмены, пераехаўшы ў Ваўкавыск.
- Мы тэлефануем і... знаходзім яго, - распавядае пра шчаслівы фінал Дзмітрый. - У Ваўкавыску мы адшукалі месца пахавання Сяргея, ягонай жонкі і самога Паўла Валынцэвіча: яны пахаваны побач. Так нам становіцца зразумела, дзе скончыў свой шлях аўтар невядомага фотаархіва...
У Ваўкавыску ж даследчыкі атрымалі і яшчэ адзін вялікі падарунак - адрас унучкі Паўла Валынцэвіча, якая, як высветлілася, жыве ў Мінску...
Ведаеце, у чым каштоўнасць фатаграфій айца Паўла? - перапытвае, у сваю чаргу, Дзмітрый Сярэбранікаў. - Ёсць такі вядомы энцыклапедычны здымак беларуса, падпісаны прыкладна такім чынам: "Жыхар Паўночна-Заходняга краю". На ім - мужык з ускудлачанымі валасамі і ў нейкай шэрай вопратцы. Гэта, можа быць, галоўнае ўяўленне пра беларусаў, якое захавалася як у нашых архівах, так і ў галовах нашых людзей... Фатаграфіі Валынцэвіча разбураюць той стэрэатып, паказваючы нам людзей, якія ўмелі жыць, любіць, працаваць, думаць, паважаць сябе. Менавіта ў гэтым - іх неацэнны ўклад у айчынную культуру. І менавіта таму мы хочам, каб гэты архіў убачыла як мага больш нашых суайчыннікаў.
Акрамя фотаздымкаў, Людміла Сяргееўна дапаўняе пошук найкаштоўнейшымі асабістымі ўспамінамі - пра дзеда, сям'ю, мінулае, - ды яшчэ адной гісторыяй - пра той самы архіў.
- Справа ў тым, - дзеліцца яна, - што збор дзядулевых негатываў на шкле захаваўся ў тым жа Ваўкавыску, дзякуючы супадзенню. Пасля вайны, калі памерла матушка Вера, было вырашана, што ён пераедзе да нас. На той момант мы жылі ў мястэчку Сабакінцы Гродзенскай вобласці. Дзядуля перабраўся да нас з усімі сваімі рэчамі, з вялікай бібліятэкай, фотаапаратамі, альбомамі, малюнкамі - ён вельмі любіў маляваць алеем, - а вось негатывы чамусьці пакінуў ва Узменах. Мабыць, было проста нязручна іх везці...
Аднак так сталася, што ў Сабакінцах здарыўся пажар. Мясцовы жыхар вырашыў гнаць самагонку ў пуні. Штосьці загарэлася - вецер імгненна падхапіў агонь. І ўсё, што было ў нашым доме, згарэла. Бацька паспеў схапіць, калі выбягаў, шклянку з алоўкамі (разумееце, шок!), а маці - скрыню з вышыўкамі. І ўсё! Аніякіх каштоўнасцей! Да гэтай пары памятаю: мы з сястрой, даведаўшыся, прыбеглі са школы дадому, а там - пажарышча, і ў тым месцы дома, дзе была бібліятэка, - толькі чырвоныя "цэглы" сатлелых кніг... Мы засталіся без анічога. Але тады дзядуля ўспомніў, што негатывы ягонай калекцыі ляжаць ва Узменах, што яны - ацалелі, і яго вялікі фотаархіў можна аднавіць. У выніку ўсё так і адбылося. Дзядуля з'ездзіў і забраў збор, а тыя фотаздымкі, якія парассылаў сваякам і знаёмым, сабраў наноў. І ўжо потым гэтая калекцыя негатываў пераехала з намі ў Ваўкавыск. А мы, калі перабіраліся ў Мінск, маючы адноўленыя альбомы, пакінулі фотаархіў на гарышчы дома. Такім чынам, можна толькі здзіўляцца таму, які быў шлях у гэтай калекцыі...
Святара Паўла Валынцэвіча да гэтай пары памятаюць ва Узменах. Болей за шэсцьдзясят гадоў ён аддаў царкве, і гэты тэрмін уражвае.
- Дзядуля быў вельмі рознабаковай асобай, - ажыўлена распавядае ягоная ўнучка. - Ён маляваў алеем, разводзіў пчол, захапляўся астраноміяй і прыродай. Для нас ягоны дом ва Узменах у першую чаргу быў тым месцам, дзе збіралася разам уся сям'я. Браты, сёстры, дзеці - усе сваякі прыязджалі да яго. А потым, калі жыў разам з намі ў Ваўкавыску, ён па-ранейшаму збіраў вакол сябе ўсю сям'ю. Памятаю, калі ў свой час мой бацька - айцец Сяргей - перапісваўся з дзядулем, нам з сястрой увесь час даставалася ад дзеда прывітанне ў выглядзе пэўных матэматычных задачак. І мы мусілі знайсці правільныя адказы, якія бацька і перасылаў дзеду...
Людміла Сяргееўна ўзгадвае часы свайго дзяцінства з вялікай цеплынёй. Уся ейная сям'я вельмі любіла чытаць, а маці цудоўна спявала рамансы. У доме быў грамафон, лямпавы радыёпрыёмнік, і сям'я часта слухала музыку.
- Нанач бацька нам чытаў апавяданні Чэхава, - узгадвае яна. - Нельга сказаць, што ўсё рэзка змянілася з прыходам савецкай улады. Сяляне засталіся тыя ж, а навізна зыходзіла ад прыезджых...Дзіўным чынам ні Павел Валынцэвіч, ні ягоны сын, бацька Людмілы Сяргееўны, не пацярпелі з-за сваёй дзейнасці. У большай ступені паходжанне паўплывала на пакаленне ўнукаў святара - Людмілу і Таццяну.
- Я скончыла школу з залатым медалём, мая сястра - з сярэбраным, - канстатуе Людміла Сяргееўна. - Адпаведныя дакументы былі накіраваны ў Гродна, і - усё! Без усякіх тлумачэнняў нам выдалі звычайныя атэстаты...
Потым сёстры Валынцэвіч марылі паступіць у медыцынскі. А там ізноў - адмова.
- Тады працавала мандатная камісія, якая разглядала дакументы на самым пачатку, - тлумачыць Людміла Сяргееўна. - І нас пытаюць: маўляў, а вы ў царкву ходзіце? Ходзім. А да вас архірэй прыязджаў? Прыязджаў. Бласлаўляў? Так. Вы нам не падыходзіце! Вось і ўся гутарка...
Сёстры Валынцэвіч толькі і паспелі паступіць на завочнае аддзяленне ў лесатэхнічны інстытут.
- Але ўжо на другім курсе я была пераведзена на дзённае за выдатную паспяховасць, - расказвае Людміла Сяргееўна, - бо вучыцца для мяне заўжды было адно задавальненне. Я пісала лісты ў высокія інстанцыі... А потым было размеркаванне ў Карэлію - з мужам і дзіцем. Працавала начальнікам шпаларэзнага цэха, кіравала групай рабочых... Ведаеце, як кідаюць малое дзіця ў ваду, каб навучыць плаваць? Так і мяне жыццё кідала ў розныя віры. І нічога: выплывала!..
Наконт таго, ці змяніў ейны светапогляд савецкі час, Людміла Сяргееўна адказвае: - Так, спрэчкі з бацькам былі: усё ж такі ў школе нас вучылі зусім іншаму, чым дома. Аднак цярпенне і адукацыя бацькоў зрабілі сваю справу. Яшчэ студэнткай, памятаю, прыязджала да бацькі, і мы з ім гутарылі наконт веры. Ён адказваў мне так: "А вось Кант на гэты конт кажа такім чынам, Шапэнгаўэр, паглядзі, таксама не адмаўляе Бога". І тое былі вельмі важкія аргументы...
■ ■ ■