Протаіерэй Філіп Якаўлевіч Лузгін
1857-1939 гг.
1920-1936гг. служэння ў Язненскай Спаса-Праабражэнскай царкве
(Звесткі даслаў Павел Лаўрыновіч)
Нарадзіўся 11.10.1857 годза ў г.Сянно Магілёўскай губерні ў сям’і псаломшчыка.
1880 - скончыў Віцебскую духоўную семінарыю - 2 разрад.
6.08.1880-1884 - памочнік настаяцеля царквы Свяціцеля Мікалая Цудатворцы в.Новы Двор Лепельскага п-та.
11.04.1882 - рукапаложаны ў сан сьвятара Маркелам (Попелем), епіскапам Віцебскім і Полацкім у Кафедральным саборы г.Віцебска.
1884-22.02.1902 - 2-гі сьвятар царквы Святой Параскевы Пятніцы г.Лепель.
22.02.1902-1918 - настаяцель сабора Праабражэньня Гасподняга г.Лепель.
Прыход бальшавікоў і пачатак ганеньняў на царкву вымусіў сьвятара пакінуць Лепель і пераехаць падчас нямецкай акупацыі ў Заходнюю Беларусь.
1918-02.1920 - настаяцель царквы Узьдзвіжаньня Крыжа Гасподняга м.Мерэч Трокскага п-та.
03.1920-18.12.1936 - настаяцель царквы Праабражэньня Гасподняга в.Язна.
18.12.1936 - прылічаны за штат.
Памёр у 1939 годзе. Пахаваны на царкоўным цьвінтары в.Язна.
Узнагароды і асаблівыя адзнакі:
-набедраннік,
- скуфья,
19.04.1900 - камілаўка.
1907- нададзены сан протаіерэя.
6.05.1908- Ордэн Святой Ганны 3 ступені.
30.07.1908 - Ордэн Святой Ганны 2 ступені.
1932- залаты наперсны крыж з упрыгожваньнямі.
18.03.1902 - благачынны 1-й Лепельскай акругі.
2.07.1926 - духаўнік Дзісненскага благачыньня.
Жонка - Вольга Сцяпанаўна Канюшэўская, дачка сьвятара царквы в.Гарспляны Полацкага п-та; вянчалісь 7.01.1881.
Дачка - Пелагея.
Сын - Сяргей.
Сын - Васілій, псаломшчык Ветрына.
Крыніцы інфармацыі:
Ірына Стома. “Я любоўю звязаны з вамі”. Царкоўнае слова №27 2012;
Полацкія епархіяльныя ведамасьці 1880-1917г.г.;
http://samlib.ru/l/luzgin_w_n/luzginyistoricheskijocherk.shtml;
G.Sosna-“Hierarchia i kler kościoła prawosławnego w granicach II Rzeczypospolitej i Polski powojennej w XIX- XXI wieku” - Ryboly - 2012.
«Я ЛЮБОЎЮ ЗВЯЗАНЫ з ВАМІ...»
Да 155-годдзя з дня нараджэння настаяцеля Язненскай Спаса-Праабражэнскай царквы протаіерэя Філіпа
ЛУЗГІНА
У 1900 годзе протаіерэй Філіп Лузгін згадваецца як святар прыпісной царквы св. мучаніцы Параскевы горада Лепеля і благачынны першага Лепельскага благачыння. У 1909 годзе ён - настаяцель Лепельскага сабора ў гонар Праабражэння Гасподняга. Адначасова загадваў Лепельскай мужчынскай царкоўна-прыходскай школай. На Лепельшчыне айцец Філіп праслужыў больш за 30 гадоў.
Мірнае служэнне святара было перарвана рэвалюцыйнымі падзеямі і ўсталяваннем бязбожнай улады. З царкоўнага летапісу вядома, што ў 1918 годзе айцец Філіп быў прыгавораны да расстрэлу, але змог пазбегнуць расправы, пакінуўшы савецкі Лепель. Верагодна, гэта адбылося падчас германскай акупацыі ў сакавіку - верасні 1918 года. З канца 1918 да лютага 1920 года айцец Філіп служыў у храмах Глыбоцкага благачыння.
У нашу вёску Язна тагачаснага Дзісненскага павета протаіерэй Лузгін прыехаў у сакавіку 1920 года, з таго часу і да 1936 года служыў настаяцелем Спаса-Праабражэнскай царквы. Захаваліся падрабязныя запісы айца Філіпа пра падзеі, якія адбываліся ў нашай вёсцы ў 1920-х - 1930-х гадах, а таксама і шырэй - у царкоўным жыцці Заходняй Беларусі і Польскай дзяржавы. У царкоўным летапісе святар змяшчаў свае вершы на розныя тэмы, больш паўсотні. Вершы ён пісаў пра тое, што бачыў, што яго закранула, што ўсхвалявала. Уявіце сабе: з царкоўнай паперці сталага ўзросту святар звяртаецца да сваёй паствы з узнёслай прамовай у вершаванай форме. На яго вершы нават выконваліся песнапенні царкоўнымі хорамі.
9 лютага 1931 года, у Даравальную нядзелю айцец Філіп піша: “Багамольцаў у храме было не асабліва многа, але і не мала". Сваё павучанне народу святар закончыў вершам, дзе былі радкі:
Не судите меня строго,
Помолитесь за меня,
Мне осталось жить немного,
Так простите ж вы меня.
29 жніўня 1931 года адбылася доўгачаканая падзея: асвячэнне і падняцце на званіцу царкоўнага звона. Язненскія званы былі вывезены ў 1917 годзе ў Маскву і не вернуты. Гук новага звона ўсім спадабаўся, ён быў меладычны і адначасова журботны. Пасля асвячэння святар сказаў кароткае слова, у якім узнёс славу Богу і выказаў удзячнасць прыхаджанам і ахвярадаўцам. Айцец Філіп ушанаваў звон наступным вершам:
Освяти нам, Боже, звон,
Пусть зовет он Тебя славить,
Знак любви пусть будет он,
Пусть зовет он зло оставить.
Практычна ўсе вершы айца Філіпа - гэта вершы-павучанні. Вяртаючыся аднойчы са школы, святар сустрэў дзядка-жабрака з убогай торбай за плячыма, і нарадзіўся верш:
Нищих братий Бог оставил
Здесь, на наше попеченье,
Он их с торбами отправил,
Нам - чрез них даёт спасенье.
У 1932 годзе протаіерэй Філіп за царкоўныя заслугі і з нагоды 75-гадовага юбілею быў узнагароджаны Дзіянісіем, мітрапалітам Варшаўскім ўсяе Польшчы, залатым нагрудным крыжом з упрыгожаннямі.
Айцец Філіп карыстаўся аўтарытэтам не толькі ў прыходзе і благачынні. Ён быў знаёмы з прафесарам Люблянскага ўніверсітэта ў Югаславіі Васіліем Васільевічам Нікіціным, вядомым у Расіі на мяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў вучоным у галіне мінералогіі, бліскучым педагогам Санкт-Пецярбургскага горнага інстытута, настаўнікам многіх расійскіх і савецкіх вучоных. Добрыя адносіны айцец Філіп меў і з доктарам багаслоўя прафесарам Сафійскага ўніверсітэта айцом Георгіем Шавельскім - апошнім і пажыццёвым протапрасвітарам Расійскай арміі і флоту.
У Спаса-Праабражэнскай царкве айцец Філіп здзяйсняў служэнне да 1936 года, потым па ўзросту быў выведзены за штат. У цэлым яго святарскае служэнне доўжылася больш за 50 гадоў, апошнія 16 - у нашай царкве. Протаіерэй Філіп Лузгін памёр у 1939 годзе і быў пахаваны, згодна з яго воляй, у агароджы Язненскай Спаса-Праабражэнскай царквы.
У гэтым годзе, калі спаўняецца 155 гадоў з дня нараджэння айца Філіпа Якаўлевіча Лузгіна, хочацца ўшанаваць памяць гэтага таленавітага, шчырага, мудрага, спагадлівага і дабразычлівага чалавека, які ўсё сваё жыццё верна служыў Богу і людзям. Рыхтуемся адзначыць яго юбілей усім прыходам. На магіле яго, а пахаваны ён побач з матушкай Вольгай, доўгі час не было крыжа. Калісьці стаяў жалезны. У мінулым годзе мы паставілі часовы драўляны. Цяпер завершана работа над новым металічным крыжом. Ён цудоўна выкананы рукамі майстра па мастацкай коўцы Юрыем Фурсам з Пастаў. Яго бацька - Антон Віктаравіч Фурс быў хрэснікам матушкі Вольгі Лузгіной і сам прапанаваў такім чынам адзначыць памяць гэтага надзвычайнага чалавека і святара. Крыж будзе ўстаноўлены напярэдадні ўшанавання памяці святара.
Ірына СТОМА. Царкоўнае слова.№27 2012 год.
Збіраючы матэрыялы па гісторыі Язненскай Спаса-Праабражэнскай царквы Міёрскага благачыння Полацкай епархіі, прыйшла да думкі, што маім землякам у розны час шанцавала з настаяцелямі храма. Хочацца, каб пра іх ведала як мага больш людзей. Яны заслугоўваюць нашай памяці, перш за ўсё за сваю любоў да прыхаджан, за дабрыню, адданае служэнне Богу і людзям.
З 1920 па 1936 год настаяцелем Язненскай царквы быў айцец Філіп Лузгін. Цяпер мала засталося тых прыхаджан, хто ведаў яго асабіста. Але ўспамінаючы сваё дзяцінства, гады вучобы ў мясцовай школе, старажылы вёскі абавязкова называюць імя бацюшкі Філіпа Лузгіна. Чым жа ён заслужыў такую добрую памяць?
Калі працавала з летапісам Язненскага прыхода, адкрыла для сябе і сваіх землякоў таленавітага, неардынарнага і цудоўнага, з душой паэта чалавека і святара.
Нарадзіўся айцец Філіп у 1857 годзе ў горадзе Сянно Віцебскай губерні. У 1880 годзе закончыў Віцебскую духоўную семінарыю і быў накіраваны памочнікам настаяцеля царквы ў імя свяціцеля Мікалая сяла Новы Двор Віцебскай губерні. У 1882 годзе адбылося яго пасвячэнне ў святарскі сан.