Ваюючы ў штрафной роце, Рыгор зноў быў паранены. Пасля таго, як вылечыўся, вярнуўся не ў штрафбат,
а ў рэгулярную армію як салдат, што загладзіў віну крывёй.
Дайшоў да Германіі. Там - чарговае цяжкае раненне ў руку і галаву. І на гэты раз вайна для Рыгора
закончылася. За баявую адвагу і мужнасць ён быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені,
медалём "За адвагу", шматлікімі ваеннымі медалямі і падзякамі камандавання.
Выхаваны ў сям’і вернікаў, у самыя цяжкія часы ганенняў на царкву ў 1958 годзе стаў святаром. У Рыгора
і яго жонкі Зінаіды нарадзіліся чацвёра дзяцей - Анатоль, Іван, Ганна і Наталля. Па словах Анатоля, у 1979
годзе сям’я з-за няпростых адносінаў уладаў і царквы вымушаная была пераехаць у Тульскую вобласць
Расіі, у гарадок Чэрнь.
Рыгор Папоў завочна скончыў Ленінградскую духоўную семінарыю, а потым Маскоўскую духоўную
акадэмію, атрымаўшы ступень кандыдата богаслоўя.
У 1988 годзе Паповы вярнуліся на Беларусь. Ад 1989 года Рыгор служыў настаяцелем Гарадзілаўскай
Свята-Іосіфаўскай царквы на Маладзечаншчыне. Ад 1998 года айцец Рыгор - настаяцель Груздаўскай
царквы ў гонар Ускладання Рызы Найсвяцейшай Багародзіцы. Яго руплівая служба не засталася
незаўважанай, і Рыгор стаў мітрафорным протаіерэем.
Памёр святар на 91 годзе жыцця 6 мая 2006 года і пахаваны каля Груздаўскай царквы.
З чатырох яго дзяцей праваслаўным святаром стаў толькі сын Анатоль. Сын Іван усё жыццё адпрацаваў
шафёрам, дачка Ганна - кандытарам. Цяпер яны пенсіянеры. Наталля працуе на заводзе медыцынскіх
прэпаратаў.
У Мінскім абласным краязнаўчым музеі ў Маладзечне протаіерэю Рыгору Папову прысвечаная частка
экспазіцыі.
Таццяна ЗАКРЭЎСКАЯ, супрацоўніца Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.
Сяргей ЗЯНЬКО.
Фота забяспечана Таццянай ЗАКРЭЎСКАЙ.