У энцыклапедычным выданні "Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць" адзначана, што Мікалаеўская царква на ўскраіне вёскі Чэрасы пабудавана ў 2-й палавіне 19 ст. з цэглы.
Шмат'ярусная аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя складаецца з шатровай званіцы, бабінца, асноўнага кубападобнага аб'ёму, пяціграннай апсіды з бакавымі прыдзеламі. Асноўны аб'ём завершаны цыбулепадобным купалам на васьмігранным барабане. У дэкаратыўнай апрацоўцы фасадаў выкарыстаны формы старажытнарускага культавага дойлідства-какошнікі, кілепадобныя аркі. Царква - помнік архітэктуры псеўдарускага стылю.
Старонкі далёкай даўніны
У 2009 годзе ля царквы ў Чэрасах праводзілася добраўпарадкаванне тэрыторыі з выкарыстаннем землярыйнай тэхнікі. Гэтую акалічнасць для археалагічных пошукаў выкарысталі члены гуртка "Арганаўты мінулага" пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі СШ №3 Вітольда Ермалёнка. А гуртковец Ігар Кандратовіч, тады дзесяцікласнік, па выніках даследаванняў знаходак і розных пісьмовых крыніц напісаў працу "Вёска Чэрасы ад старажытнасці да сучаснасці", якая заняла першае месца ў рэспубліцы ў намінацыі "Сельскія населеныя пункты". З дазволу аўтара некаторыя прыведзеныя ім звесткі пра Чэраскую царкву будуць выкарыстаны і ў гэтай публікацыі.
Дык вось, ля агароджы храма выяўлена лыжачка для прычасця 16 стагоддзя. Рэшткі бронзавых упрыгожанняў, кавалкі аплаўленых званоў і шкла сведчаць, што тутэйшая невялікая драўляная культавая пабудова згарэла ў 17-ым стагоддзі. Магчыма, гэта адбылося ў час Паўночнай вайны 1700-1721 гг.
Зямля хавала шмат расійскіх манет рознага наміналу, самай распаўсюджанай аказалася дзянга 18-га стагоддзя. Адна з іх 1731 г. знойдзена ў дошцы. Да гэтага часу адносяцца рэшткі падсвечнікаў, жырандолі, жалезнага крыжа, бронзавых акладаў абразоў, шклянога посуду і парцаляны, да больш позняга-кавалкі кафлі.
В.А. Ермалёнак са спасылкай на дакумент "Стан Міёрскага касцёла і плябаніі…" за 1783 год ("Міёрскія навіны", №8 за 26 студзеня 2016 г.) сцвярджае, што на тэрыторыі Міёрскай каталіцкай парафіі на той час была капліца непасрэдна ў Міёрах у маёнтку пані Беліковічавай як філіял Чэраскай уніяцкай царквы. Чэраскі святар Стэфан Бароўскі быў добрым памочнікам у парафіяльных справах і не толькі сам наведваў па нядзелях службу ў касцёле, але нават праводзіў у ім некаторыя праваслаўныя набажэнствы з казаннямі і працэсіямі для сваёй паствы. І такое доўжылася ўжо 140 год!
Ахвяраваннямі Радзівілаў, якія сталі ўладарамі Чэрасаў, у 18 стагоддзі была ўзведзена новая драўляная ўніяцкая царква. Яна прастаяла доўга. Пасля скасавання уніі ў 1839 годзе была прымусова пераведзена ў праваслаўе. На той час у прыход уваходзілі маёнтак Чэрасы, хутар Чэрасы, вёскі Новае Сяло, Масеўцы, Пціцкія, Літоўчыкі, Захарні, Сілава, Басяныя, Застарынцы, Мацюкі, Слаўшчызна, Татары, Грэцкія, Сушкі, Ліпаўкі, Глінаўка, Старыя Крукі, Новыя Крукі, Вя-лікая Кавалеўшчына, Малая Кавалеўшчына, Якубаўшчына, Папкоў Луг, Пацеенкі, Казлы, Кручкі, Маляўкі, Сухавержжа, Дзянісава, Мнюхі, Дульскія, Кушняры, Франопаль, Палякі, Астравы, Падгайцы, Юнцы, Свярдлы, Канахі, Крыштулі, Папоўшчына, Марозькі, Картавыя, Дворнае Сяло, Пальчахі, Пестуны, Мацюкі, Вярсты, Жарсцвянка, Стэфанова, Вязаўцы, Вазаўнікі, Чэхаўшчына, Цілеўцы, Юркаўшчына, Сухія, хутары Лаўкі, Верацеі, Селішча, Карпачова, Дуброва.
Святарамі ў той час служылі: друйскі дабрачынны, чэраскі настаяцель протаіерэй Міхаіл Стукаліч (1839-1855), Васіль Шалюта (1839-1842), Ігнацій Пятроўскі (1844-1846), Феліцыян Шалюта (1847-1850), Іакаў Лукашэвіч (1848-1849), Іаан Васілеўскі-друйскі дабрачынны і чэраскі настаяцель (1849-1866), Іакаў Андрыеўскі (1851-1866), Іосіф Шалепін (1864-1866), Іван Кузняцоў (1865-1871), Аляксандр Арлоў (1866), Іеранім Качынскі (1867-1874), Аляксей Біруковіч (1869-1877), Аляксандр Спабаловіч (1877-1880), Вікенцій Станкевіч (1872-1882), Васіль Хваінскі (1877-1882), Міхаіл Зінкевіч (1882).
Псаломшчыкі займалі свае пасады больш стабільна: Мацвей Малажаўскі (1835-1859), Міхневіч (1845), Аляксандр Паўлоўскі (1852-1856), Іосіф Дарашэўскі (1856-1857), Піліп Гяртовіч (1858-1869), Мікалай Фёдараў (1870-1874), Дзмітрый Прырпін (1874), Іосіф Пярвенскі (1877), І. Паўлоўскі (1879-1901).
Чэраская Свята-Мікалаеўская царква
24.12.2016
(Працяг)
Калі меркаваць па прозвішчах, абсалютнай большасцю прадстаўнікі кліру былі людзі прыезджыя. Ведамасць 1863 года сведчыць, што ў параўнанні з мясцовым насельніцтвам яны былі добра забяспечаны матэрыяльна. Па штаце 1842 года кожны з двух святароў атрымліваў 180 рублёў у год, дыякан-80 рублёў, кожны з двух намеснікаў дыякана і прасвірня-24, а ўвесь прытч-544 рублі срэбрам. Дадаткова кожны святар атрымліваў ад сялян адпрацоў-вальнымі па 64 рублі 25 капеек срэбрам. Яны мелі 272 дзесяціны 659 квадратных сажняў (сажань- 2,1336 м) зямлі, часткова цераспалоснай, што з'яўлялася масавай з'явай, і аддаленай. Карысталіся хто жыллём, іншыя гаспадарчымі пабудовамі, дадаткова натурай выдзяляліся дровы-па 33 сажні з памешчыцкіх дач.
У той час у прыходзе было 1680 чалавек мужчынскага полу і 1836-жаночага. Адлегласць да самага аддаленага населенага пункта 12 вёрст (вярста-1,0668 км).
Для канчатковага зацвярджэння новай веры і падтрымкі плануемага царкоўнага будаўніцтва 6 снежня 1866 года пры царкве заснавана Свята-мікалаеўскае брацтва. Прадэкларавана яго асноўная мэта-"дзейнасць на карысць праваслаўна-рускай справы".
Ля вытокаў брацтва стаялі святары Іакаў Андрыеўскі і Іван Кузняцоў, трэцім ініцыятарам названы Дункель. У гэтай сувязі варта спаслацца на публікацыю "Вестника западной России" за той жа 1866 год аб залажэнні новай цаглянай царквы таксама ў гонар Мікалая Цудатворца ва Узмёнах, там сярод павятовага начальства з Дзісны названы капітан жандармаў з такім жа прозвішчам. Найбольш верагодна, гэта адна і тая ж асоба.
Між тым, брацтва актыўна занялося рэлігійным выхаваннем вернікаў і папаўненнем сваёй казны. На карысць "рускай справы" памешчыца Свярской губерні Ганна Юрэцкая даслала царкоўных прадметаў на 50 рублёў срэбрам, а святар з той жа мясцовасці Аляксандр Пашахонаў-на тры рублі. Мясцовы жыхар Сцяпан Шаўчонак ахвяраваў абраз коштам 10 рублёў, а князь Міхаіл Радзівіл не пашкадаваў нават 300 рублёў-вялікую па тым часе суму, за што быў абраны ганаровым старшынёй брацтва.
Стараннямі брацтва адкрыты аддзяленні Чэраскага народнага вучылішча ў вёсках Вялікая Кавалеўшчына і Пестуны. Настаўнікамі сталі два выпускнікі вучылішча з аплатай 1 рубель ад вучня ў год плюс 3 рублі на памяшканне для жылля. Селяніну з Пестунаў Францу Тычко заплачаны рубель за хату для заняткаў вучняў.
Брацтва падтрымлівала грашыма навакольных вяскоўцаў. "Прымаючы да ўвагі бязвыхаднае становішча сялян у выніку неўраджаю", яно дало ў доўг пад 6% гадавых пэўныя сумы Грыцкевічу з Пестунаў, Лушчонку з Мацюкоў, Іллі Мальцу з Казлоў і іншым. За выраб дзвюх шаф для царквы мясцоваму майстру Грыневічу заплачана 10 рублёў.
У 1879 годзе пазыкай ад брацтва ўжо скарысталіся 25 чалавек. Вучням выдзелена ў якасці дапамогі з-за няўраджаю 10 рублёў на пакупку круп.
Такая дзейнасць брацтва працягвалася і пазней, калі святаром стаў Аляксей Біруковіч.
Чэраская воласць, а адпаведна і царкоўны прыход, была даволі вялікая. У 1872 годзе яна налічвала 342 двары ў 56 вёсках з 3223 жыхарамі (для параўнання, Міёрская воласць мела 180 двароў і 3451 жыхара). Валаснымі старшынямі ў ёй у канцы 19-пачатку 20 стст. з'яўляліся Піліп Матэленак, Фама Лакотка, Уладзімір Шульга. Такія прозвішчы сустракаюцца тут да гэтага часу.
Пры падтрымцы брацтва памкненнямі святара Алексія Бяляўскага ў 1886 годзе на месцы старога драўлянага пачата ўзвядзенне будынка "на фундаменце з каменя, звязанага са званіцай, у якой месцілася вартоўня". Так паўстаў сучасны Свята-Мікалаеўскі праваслаўны храм, асвячэнне якога адбылося 22 кастрычніка наступнага 1887 года. У царкве знаходзіўся толькі адзін прастол у імя свяціцеля і цудатворцы Мікалая.
Дарэчы, святарамі ў Чэрасах служылі на рубяжы стагоддзяў і крыху пазней Кялесцін Галянкевіч (1882-1889), Максіміліян Памяранцаў (1882-1884), Алексій Бяляўскі (1884-1916), Пётр Лебе-дзеў (1890-1897), Міхаіл Эрдман (1898-1903), Павел Зубоўскі (1904-1911), Ніл Кульчыцкі (1912-1914), Антоній Мазалеўскі (1915-1916), Аляксандр Раманюк (1915-1916), Мікалай Мірановіч (1916-1917), Павел Валынцэвіч (1917), Аляксандр Нарановіч (1917-1920), Міхаіл Мажароўскі (1917-1926).
Ім дапамагалі псаломшчыкі Міхаіл Зянковіч (1880-1891), Аркадзь Зянковіч (1900), Мікалай Паўлоўскі (1902-1903), Стэфан Гардзілоўскі (1904-1912), Дзмітрый Савіч (1909-1911), Канстанцін Нарановіч (1912-1927), Мірон Сухадолец (1915), Стэфан Бяляўскі (1919-1930).
Чэраская Свята-Мікалаеўская царква
27.12.2016
http://mijory.by/ryeligiya/9325-cheresskaya-svyato-nikolaevskaya-cerkov.html
(працяг)
Міжваенны перыяд
Пасля працяглага перыяду войн і ліхалецця богаслужэбных рэчаў і посуду, асабліва святарскай вопраткі ў Чэраскай царкве было недастаткова. Усё каштоўнае, у тым ліку званы, адсюль вывезены ў Маскву ў 1915 годзе, напярэдадні "нашэсця немцаў". І вось войны закончыліся, нашы мясціны аказаліся ў складзе Рэчы Паспалітай. У гэты час штат прытчу прадугледжваў двух святароў і столькі ж псаломшчыкаў. Цяпер на іх утрыманне ішлі сродкі ад зямельных угоддзяў і кружкавага збору.
"Ведамасць аб царкве" за 1922 год сведчыць, што першы святар меў розных збожжавых 130 пудоў (2080 кг), бульбы 120 пудоў (1920 кг) і 150 пудоў (2400 кг) сена. Другі святар атрымаў 300000 польскіх марак (гэтыя грошы імкліва абясцэньваліся і былі заменены на злотыя) арэнднай платы, а абодва псаломшчыкі разам-100 пудоў бульбы, столькі ж зерневых і 200 пудоў сена. Кружкавага збору было за год 180000 марак. Бухгалтарскі баланс наступны: прыход 199872 маркі, расход-123705.
Царква мела сядзібнай (разам з пагостам) 7 дзесяцін 1800 сажняў зямлі, ворыўнай 43 д. 80 с., сенакоснай-40 д. 1050 с.-усяго 91 д.530 с.. Дадаткова было 30 д. 480 с. пашаў і 40 д. 200 с. няўдобіц. Часткова ўгоддзі, калісь выдзеленыя казной, размяшчаліся ля храма, а таксама за 2 вярсты ад яго. Гэта супесі, суглінкі і падзол, якія баяліся і дажджоў, і засухі.
У Чэрасах знаходзілася сядзіба першага святара: жылы дом, клець (свіран), хлявы і гумно. Яна займала 2 дзесяціны 560 сажняў, прытым ворыва было 12 д. 156 с., чыстага сенакосу-1 д. 1630 с., сенакосу, парослага хмызнякамі,-4 д. 1860 с., пашы -17 д. 280 с., няўдобіц-3 д. 840 с..
У Іванаве месціўся другі святар. Яго сядзіба згарэла ад маланкі ў 1913-ым і была адноўлена толькі праз дзесяцігоддзе памкненнямі айца Мацвея Яцке-віча за ўласныя сродкі, але пераважна з царкоўнай драўніны і пры падтрымцы прыхаджан. Зноў паўсталі жылы дом, клець, хлявы, хляўчук для свіней і гумно. Там жа знаходзіліся сядзібы (хата, клець, хлеў і гумно) абодвух псаломшчыкаў, яны пабудаваны ў 1892 годзе на сродкі, выдзеленыя Сінодам, аднак пацярпелі не толькі ад часу, але і вайны, таму праз два дзесяцігоддзі ўжо патрабавалі рамонту. Святар і псаломшчыкі карысталіся 5 дзесяцінамі 1240 сажнямі сядзібнай зямлі, ворыва мелі 30 д. 920 с., чыстага сенакосу - 8 д. 10 с. і зарослага хмызнякамі - 26 д. 2350 с., пашаў - 21 д. 200 с. і няўдобіц 36 д. 1760 с..
Яшчэ царква мела 23 д. 1557 с. зямлі ў вёсцы Павяцце і 3 д. ва ўрочышчы Пераслова, толькі першы ўчастак у яе быў самавольна захоплены ў 1917-ым, другі - у 1920-ым.
Друйскі благачынны ў той час размяшчаўся за 23 вярсты ў Новым Пагосце, павятовы цэнтр Дзісна-за 33 вярсты (з 1926 года павятовым цэнтрам стаў Браслаў, да якога было 45 вёрст), бліжэйшыя цэрквы знаходзіліся ва Узмёнах і Лявонпалі за 18 вёрст, у Пераброддзі - за 22. Дарэчы, паштовы адрас храма - ст. Міоры, сяло Чэрасы.
Да царквы ў Чэрасах была прыпісана драўляная цэркаўка ў Іванаве, пабудаваная ў 1862 годзе на мясцовыя сродкі і прысвечаная Палажэнню рызы прасвятой Багародзіцы. Да гэтага часу яна дагнівала. У Міёрах існавала таксама драўляная Аляксандра-Неўскага капліца ў памяць вызвалення сялян ад прыгону.
Копіі метрычных кніг у царкоўным архіве ў апячатаных скрынях пад замком захоўваліся з 1841 года разам з абыскнымі (шлюбнымі) кнігамі, спавядальнымі роспісамі і пасямейнымі спісамі. Перапынак у вядзенні гэтай дакументацыі здарыўся на пэўны час з кастрычніка 1919-га да студзеня 1922-га з-за вайны.
У 1922 годзе ў прыходзе дзейнічала толькі адна школа ў Чэрасах, выкладанне ў ёй вялося на польскай мове і толькі закона Божага - на рускай.
Царкоўным старастам у 1921 годзе абраны селянін з вёскі Сілава 33-гадовы Георгій Адамавіч Кухаронак, у 1924-ым гэтая пасада даверана яго 53-гадоваму аднавяскоўцу Сямёну Вікенцьевічу Пірагу.
Будынак царквы ўжо ў 1922 годзе меў патрэбу ў рамонце: абсыпалася тынкоўка на званіцы і ў іншых месцах, іржавеў дах, фарбаваны ў 1914-ым. Спроба рамонту аказалася не вельмі ўдалай, хаця прыха-джане сабралі 42 пуды льнасемя для вырабу аліфы (пакосту). Але гэтае льнасемя вымушаны былі прадаць за 136000 польскіх марак і купіць на тыя грошы аліфу і фарбу, згубіўшы больш за 9 тыс. марак. У чэрвені нанялі майстра для аднаўлення тынкоўкі і афарбоўкі даху за 120 тыс. марак. Толькі грошай не хапіла - аб'явілі збор ахвяраванняў па спісе. Ён папоўніў царкоўную касу прыкладна на 30 тыс. марак. Да канца года сума павялічылася яшчэ на 10 тысяч. Майстар атрымаў задатак у 10 тыс. марак пры заключэнні дагавора, аднак у вызначаны тэрмін дах не пафарбаваў - перашкаджалі дажджы. Справа была перанесена на наступную вясну.
Чэраская Свята-Мікалаеўская царква
04.01.2017
http://mijory.by/ryeligiya/9354-chereskaya-svyato-nikolaevskaya-cerkov.html
(працяг)
Прыход Чэраскай Свята-Мікалаеўскай царквы ў 1922 годзе быў наступным (першая лічбавая графа - колькасць двароў, другая - мужчынскае насельніцтва, трэцяя - жанчыны, чацвёртая - адлегласць ад храма ў вёрстах):
Чэрасы 1 1 1 -
Іванава 2 3 5 2
Амбросенкі 7 30 36 9
Барылава 5 21 20 12
Барсучына 11 39 30 11
Басяныя 26 71 80 4
Верацеі 2 11 6 7
Вязаўцы 10 27 31 10
Варонькі 44 122 107 6
Глінаўка Малая 4 10 11 4
Глінаўка Вялікая 16 50 46 5
Гаране 4 11 12 11
Грэцкія 21 49 62 1
Дворнае Сяло 30 100 88 7
Дзянісева 8 30 24 6
Дульскія 8 18 20 7
Застарынцы 9 29 25 6
Захарні 24 57 68 3
Званкі 5 20 18 10
Картавыя 25 70 71 7
Кацілава 17 60 44 9
Кавалеўшчына В. 26 67 53 5
Кавалеўшчына М. 9 24 22 5
Кавалькі 3 16 12 9
Казлы 23 47 54 6
Канахі 24 71 62 7
Костачына 19 59 55 8
Крыштулі (хутар) 1 5 7 6
Крукі Новыя 20 58 57 8
Крукі Старыя 20 70 71 7
Карпачова (хутар) 9 9 10 10
Кручкі (засценак) 3 9 9 6
Ліпаўка 10 31 22 2
Літоўчыкі 12 22 35 2
Маляўкі 8 20 15 6
Мальцы 10 41 23 9
Масеўцы 15 46 35 4
Мацюкі 21 49 51 8
Міхасёнкі 11 25 34 9
Мнюхі 11 31 18 8
Маразы 5 11 18 11
Новае Сяло 8 22 24 1
Астравы 10 33 37 5
Пальчахі 4 6 9 8
Пацеенкі 12 29 22 4
Пятрэлева 12 27 28 7
Палякі 29 84 72 9
Папкоў Луг 29 66 85 4
Падгайцы 9 25 22 5
Папоўшчына (хутар) 1 2 3 6
Пціцкія 18 50 49 5
Пестуны 40 115 116 8
Рабечына 11 39 35 8
Свярдлы 28 69 72 6
Сілава 22 48 59 3
Слаўшчызна 5 16 16 2
Сухія 10 24 24 9
Сухавержжа 18 42 42 7
Сушкі 24 62 61 1
Татары 15 39 45 1
Цілеўцы 39 98 105 10
Томкі 5 16 11 10
Чэрасы (хутар) 11 38 30 1
Чарняўскія 2 7 8 7
Юнцы 12 35 33 6
Юркаўшчына 8 25 21 10
Якубаўшчына 23 64 56 3
УСЯГО 949 2622 2578
У тым ліку духоўных 3 4 6
Па-першае, гэтыя звесткі сведчаць толькі пра праваслаўных і не адлюстроўваюць усю колькасць жыхароў населеных пунктаў прыходу. Па-другое, нават канчатковым іх назваць цяжка не толькі таму, што па справаздачы наступнага 1923 года ў прыходзе налічана 5311 вернікаў, калі годам раней было 5190. Хаця гэта і ўкладвалася б у натуральны прырост. Але святар Міхаіл Мажароўскі зрабіў пісьмовую заўвагу: "У спісе пасяленняў Чэраскага прыходу прапушчаны хутары Дуброва, Лаўкі, Мазулева, Селязні і Салаўі, а таксама пасяленні Загор'е і Латышонкі з праваслаўным насельніцтвам увогуле каля 100 душ". І сапраўды, у справаздачы за 1924 год спіс прыходу пашыраны на 8 населеных пунктаў, двароў стала 978, жыхароў-5621.
У 1926-1928 гадах колькасць двароў стабілізуецца на 981, а жыхароў более з 5695 да 5882. У 1928-ым, відаць, парадак падлікаў мяняецца або адбываецца нейкая блытаніна - гаспадарак становіцца 488, а праваслаўных 4088, у 1930-ым усё вяртаецца "на кругі свая": зноў 981 двор і 5922 вернікі. У наступным колькасць сядзіб не мяняецца, а насельнікаў чамусьці менее да 5007. Толькі ў 1933-ім праваслаўныя сяляне пачынаюць будавацца (+4 хаты), між тым у іх месціцца ўжо 6171 чалавек. У 1922 годзе на хату прыходзілася прыкладна 5,5 чалавека, у 1933-ім - ужо каля 6,3 жыхара.
А цяпер пра тых, хто гэтыя справаздачы складаў.
5 студзеня 1917 года святаром Чэраскай царквы прызначаны протаіерэй Міхаіл Мажароўскі. Ён нарадзіўся 1 кастрычніка 1861 года, сын псаломшчыка. Закончыў курс Літоўскай духоўнай семінарыі "па 1-ым разрадзе" ў 1883-ім. І адразу прызначаны псаломшчыкам у Язненскую царкву, а праз два гады ўжо святар у Парозаўскай царкве Ваўкавыскага павета на Гродзеншчыне, затым - законавучыцель народнага вучылішча на Вілейшчыне, настаўнік на Валожыншчыне. У ваенны час вымушаны быў ратавацца ў Мінскай губерні. Фронт не дазволіў заняць пасаду святара ў Ашмянскім павеце, тады і прызначаны ў Чэрасы.
За старанную службу ўзнагароджаны скуф'ёй, камілаўкай, наперсным крыжам і сярэбраным медалём. За поспехі ў царкоўна-школьных справах адзначаны Бібліяй ад Св. Сінода.
Другім святаром 23 сакавіка 1923 года прызначаны 37-гадовы Мацвей Яцкевіч. Ён з сялян, закончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю, працаваў настаўнікам народнага вучылішча на Вілейшчыне. Затым атрымаў дыплом Віцебскага настаўніцкага інстытута, выкладаў у вышэйшым пачатковым вучылішчы ў мястэчку Бярэзін Ігуменскага павета. У 1914-ам ўзяты ратнікам апалчэння 1-га разраду, а пасля дэмабілізацыі паступіў у 1918-ым у Петраградскі агранамічны інстытут, які не закончыў з-за голаду. Працаваў настаўнікам на Разаншчыне. Але ў 1921-ым прыехаў у Польшчу, здаў экзамены па багаслоўскіх прадметах пры Літоўскай духоўнай кансісторыі і першапачаткова служыў святаром на Вілейшчыне.
Разам з імі і пасля святарамі ў Чэрасах служылі ключар сабора Аляксандр Сурвіла (1926-1930), Васіль Бекарэвіч (1928-1929), Уладзімір Кірык (1929-1931), Георгій Жукаў (1930-1936), Аркадзь Свіціч (1930-1936), Карнілій Трашуцін (1929), Барыс Шышко (1933-1935), Вячаслаў Якубовіч (1935-1938), Пётр Дубавік (1937-1939), Мікалай Багаткевіч (1938-1939), Рыгор Кунцэвіч (1939-1943), Яўген Багаткевіч (1940-1947).
Знайшлі апошні прытулак ля царквы святары Іакаў Андрэеўскі (1869), Васіль Хваінскі (1882), Аляксандр Спабалановіч (1880), Аляксей Бяляўскі (1916) і Міхаіл Мажароўскі (1927).
З псаломшчыкаў найбольш вядома пра Канстанціна Апалінарыевіча Нарановіча, які нарадзіўся 22 сакавіка 1864 года і з'яўляўся таксама сынам псаломшчыка. У 1904-ым узнагароджаны сціхаром. Адукацыю меў дамашнюю. Жыў за кошт гаспадаркі. Яго старэйшы сын Аляксандр стаў таксама святаром, звестак пра малодшых Вольгу і Міхаіла не захавалася.
Пазней абавязкі псаломшчыкаў выконвалі Стэфан Бяляўскі, Канстанцін і Міхаіл Нарановічы, Сава Лінкевіч, Іван Рабіза (1929-1950), Васіль Башлакаў (1930-1932), Аляксандр Новік (1938-1941), Пётр Сабалеўскі (1933-1937).
Пакрысе ў прыходзе развівалася школьная адукацыя. Так, у 1933 годзе ў Міёрах дзейнічала 5-класная школа, 3-класная - у Дворным Сяле, 2-класныя - у Чэрасах, Басяных, Чаравіку, 1-класныя - у Малой Кавалеўшчыне, Маляўках, Мальцах, Паляках, Пацеенках. А вось царкоўнай не было.
Епіскап наведваў прыход праз дзесяцігоддзе: у 1918 і 1928 гадах.
Да нашага часу
У пасляваенны час святарамі Чэраскай царквы служылі Ніканор Лузгін (1943-1955), Пётр Хрышчановіч (1947-1949), Канстанцін Іваноўскі (1947-1972), Сцяпан Мядзведзеў (1950), Сяргей Кішка (1965-1978), Аляксандр Сакалоў (1978-1979), Пётр Дараховіч (1980-1988), Віктар Дваракоўскі (1989), Мікалай Камарніцкі (1990-1994), Валянцін Стрэха (1994-1998), Сяргей Кавальскі (з 1998-га).
Пасаломшчыкі былі не заўсёды, іх спіс у 1947 годзе адкрылі Мікалай Рунда і Нікадзім Сарока, прадоўжылі Яўгенія Іваноўская, Ніна Смулькевіч, Мікалай Пацеенак, Елізавета Пацеенак.
У прыход у 2009 годзе ўваходзілі вёскі Амбросенкі, Басяныя, Варонькі, Вільнова Вялікая Кавалеўшчына, Грэцкія , Дзянісава, Дульскія, Захарні, Казлы, Костачына, Кушняры, Ліпаўкі, Літоўчыкі, Малая Кавалеўшчына, Маляўкі, Масеўцы, Мнюхі, Моцеўкі, Навінка, Новае Сяло, Новыя Крукі, Палякі, Пацеенкі, Пціцкія, Пятрэлева, Селязні, Сілава, Слаўшчызна, Старыя Крукі, Сухавержжа, Сушкі, Тумілава, Чэрасы, Якубаўшчына.
У Чэраскую царкву і цяпер прыходзяць вернікі
У маім архіве захавалася "споведзь" Ганны Іваноўскай, дачкі святара Канстанціна Іваноўскага. У той час, калі яна была напісана, яшчэ жылі асобы, якіх аўтар, не называючы прозвішч, дакарала за ваяўнічы атэізм. Потым не стала самой Ганны Канстанцінаўны. Вось яе допіс ў рэдакцыю з невялікімі праўкамі і скарачэннямі.
Адноўленая царква
"Прайшло не так ужо і шмат часу, як узведзена ў Міёрах царква. Кожны вернік лічыў сваім абавязкам пакласці рубель на яе будаўніцтва, а таксама дапамагчы ўласнай працай. Бываючы на богаслужэннях бачу, як усё больш запаўняецца яна вернікамі. Па вялікіх святах людзі стаяць так шчыльна, што нельга нават узняць руку, каб пераксціцца. Прыходзяць сюды пажылыя, хлопцы і дзяўчаты, дзеці…
У царкве твары людзей святлеюць, мяняюцца паводзіны, адчуваецца павага, супакаенне. Відаць, гэтага яны і шукаюць.
Царква ў Міёрах узведзена ў памяць маленькай драўлянай цэркаўкі ў вёсцы Паданы, што праз возера ад Чэрасаў. Мне тады было мо 11 гадоў, але я вельмі добра памятаю яе. Будынак з вялікіх часаных бэлек, падагнаных адно да другога шчыльна і дбайна, дах пакрыты шчапой, прыгожыя вокны і дзверы, купалы і крыжы аздоблены разьбой, па карнізах-жалезныя карункі. У царкве кідаліся ў вочы разныя "царскія вароты". Кветкі, лісце, нейкія завіткі з дрэва ўпрыгожвалі іканастас. Нават вялікі крыж з распятай фігурай Ісуса Хрыста быў выразаны, хаця шэры і ў трэшчынах, але вельмі выразна.
На фэст па-народнаму Петрачок, а па-царкоўнаму "Положение ризы пресвятой Богородицы" царква напаўнялася вернікамі. Але не шмат людзей змяшчалася ў ёй, стаялі вакол будынка вялікім кальцом. Стогадовыя ліпы, каштаны і бярозы ўкрывалі іх ценню. А яны прыязджалі здаля на конях, веласіпедах, каб памаліцца, прывозілі дзяцей, старых, нямоглых. Пасля богаслужэння садзіліся гуртамі з раднёй і суседзямі прама на зямлю, абедалі. Ніколі не памятаю ні лаянкі, ні абраз, ні п'янак, хаця людзей было шмат, і выпівалі патроху. Перад ад'ездам усё за сабою прыбіралі, не пакідаючы ні паперкі, ні бутэлькі. Тут была свая, вясковая культура- шчырая, премная, душэўная.
Мы жылі побач з царквою
А далей вось што. Зімой, гэта было мо ў 1955 годзе, на санях прыехалі людзі, з якімі быў дырэктар адной з бліжэйшых школ. Ён запатрабаваў ад майго таты, айца Канстанціна, ключы ад царквы, каб пачаць разбураць яе. Мой тата прасіў не рабіць гэтага, стоячы на каленях і без шапкі, а ў сівыя доўгія валасы набіваўся снег. Не дапамагло нават сцвярджэнне, што царква-помнік архітэктуры, бо пабудавана без адзінага цвіка.
Неўзабаве прыезджыя ўзлезлі на дах, пачалі шпурляць адтуль дошкі і бэлькі. Працавалі цалюткі дзень, яшчэ некалькі дзён. Потым вывезлі матэрыялы, ды хлявы з іх так і не пабудавалі. Ніхто з навакольных вёсак бурыць царкву не пайшоў. Ды і ў лёсах тых, хто гэтым займаўся, людзей прыезджых, было шмат бед.
З таго часу прайшло шмат гадоў. Ад царквы застаўся толькі пагорак зямлі, ды непадалёку ў хмызняку захаваліся дзве магілкі з літымі агароджамі рэдкай прыгажосці.
Успамінаю былое, і ў вачах цемра. Інтэлігенцыя з Міёр, з калгасаў прыязджала ксціць дзяцей ці вянчацца ноччу, баяліся нават паліць свечкі.
Такі ж лёс напаткаў царкву ў вёсцы Каралі на Расоншчыне, дзе служыў мой дзядуля і нарадзіўся тата. Помнікі з магіл ля яе зрылі ў роў, толькі бабуліна магілка ды яшчэ дзве засталіся ад вялікіх могілак. Дзядулеву мы так і не знайшлі, як і дваіх яго сыноў Васіля і Серафіма, што палеглі ў баях недзе пад Сталінградам. А новае пакаленне пачало ўзводзіць на касцях дачы, нават капаць студню.
Вось у такой абстаноўцы раслі мы, дзеці. У нашай хаце, у хатах суседзяў-вяскоўцаў бацькі гаварылі адно, у школе, па радыё і ў газетах гучала другое. З жалем і болем успамінаю, як у тыя змрочныя часіны змагаліся мы са сваімі бацькамі, пагарджалі імі, даказвалі, што яны ідуць не той дарогай. Ну як Паўлік Марозаў, тольк не даносілі.
Вось і філасофія жыцця - вечныя, непраходзячыя каштоўнасці заўсёды застаюцца, як бы іх ні разбуралі, ні ўтоптвалі ў гразь. Вялікі Гойя казаў: "Сон розуму параджае пачвар". Я хачу дабавіць, што сон душы ператварае чалавека ў быдла.
Тата і мама пражылі жыццё людзьмі не другога, а, пэўна, сотага гатунку. Бяспраўнымі і зняважанымі. Ды і не толькі яны адны. А людзі гэта былі вялікай веры, вялікага сумлення, таленавітыя, адукаваныя, працавітыя. Да іх магіл не зарастае людская сцяжынка, на іх заўсёды кветкі і ласункі. Памяць бацькоў засталася ў Чэраскай царкве, дзе тата больш за 30 гадоў ксціў і вянчаў, служыў на пахаваннях, даваў парады і дапамагаў вернікам. Я памятаю тых людзей з пачарнелымі і патрэсканымі ад працы рукамі. Менавіта яны падтрымлівалі сям'ю святара, у якога цяжка хварэла жонка і было чацвёра дзяцей. Яны аддавалі апошнія рублі, каб ратаваць царкву. І я малюся за іх, жывых і памерлых, за іх дзяцей. "Пакой дзяцей сваіх, якія моўчкі змагаліся за веру, якія не далі вырваць са сваёй душы чалавечую годнасць".
Адродзіцца вера, чалавек будзе ўспрымаць сябе як найвялікшую, непаўторную каштоўнасць Божую, праца будзе мець сэнс і прыносіць плён, адродзіцца Беларусь. Я спадзяюся на гэта".
Падрыхтаваў Леанід МАТЭЛЕНАК.