Мітрафорны протаіерэй Васілій Сафроніевіч Бекарэвіч
1882-1961
гг.
1945-1949гг. служэння ў Язненскай Спаса-Праабражэнскай царкве
 
З РОДУ БЕКАРЭВіЧАЎ
У нашай вёсцы Язна многія ведаюць гісторыю пра тое, як пасля вайны арыштавалі нашага старэнькага свяшчэнніка, а калі яму зачыталі прыгавор - 25 гадоў папраўча-працоўных лагераў, то ён пакланіўся і сказаў: «Дзякую, грамадзяне суддзі, што вы падоўжылі мой век».

Так, сапраўды, у кнізе «Памяць: Міёрскі раён» у раздзеле «Вернутыя імёны» згадваецца імя Бекарэвіча Васілія Сафронавіча, святара Язненскай царквы, арыштаванага 15 чэрвеня 1949 года і асуджанага да 25-ці гадоў папраўча-працоўных лагераў.
Айцец Васілій быў родам са знакамітага святарскага роду Бекарэвічаў, у якім юнакі пачынаючы з XVI стагоддзя прысвячалі сябе служэнню Богу. У анкеце, якую запоўніў айцец Васілій у 1947 годзе, запісана, што нарадзіўся ён 4 красавіка 1882 года ў сяле Чабатовічы Уваравічскага раёна Гомельскай вобласці. Бацька - Бекарэвіч Сафроній Аляксеевіч - быў настаяцелем мясцовай царквы ў гонар Нараджэння Багародзіцы. Васілій закончыў Магілёўскую духоўную семінарыю, а 27 студзеня 1906 года павянчаўся з Аляксандрай Стэфанаўнай Калпінскай з мястэчка Дубрава Аршанскага раёна. У 1908 годзе адбылося рукапалажэнне ў свяшчэнны сан. Айца Васілія прызначылі настаяцелем Гурэцкай царквы, затым ён служыў у вёсках Папоўна, Вялікія Дольцы, Мільча.
У 1921 годзе, калі айцец Васілій Бекарэвіч служыў у Свята-Духавым храме вёскі Вялікія Дольцы Барысаўскага павета, ён быў арыштаваны па падазрэнню ў сяброўскіх сувязях з польскімі афіцэрамі пад час белапольскай акупацыі Беларусі.
Прыхаджане актыўна ўступіліся за бацюшку, у адпаведныя органы было адаслана шмат хадайніцтваў за святара. У адным з іх гаварылася, што бацюшка Бекарэвіч - чалавек бездакорна сумленны, праўдзівы, вельмі добра адносіцца да людзей. У выніку абвінавачванні былі зняты, а айцец Васілій вызвалены з турмы.
Пазней, калі айцу Васілію пагражаў другі арышт, яму ўдалося перайсці дзяржаўную мяжу і працягваць служэнне на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Вядома, што з 1936 года ён з’яўляўся настаяцелем царквы Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў мястэчку Лужкі (цяпер Шаркаўшчынскі раён). Адначасова з ім там служыў айцец Іаан Цітовіч, бацька вядомага музыказнаўца і харавога дырыжора Генадзя Цітовіча.
З маленства памятаю аповеды маці і яе сясцёр пра тое, як з прыходам перад вайной «саветаў» наша царква засталася без святара. Тады мой дзядуля - Банькоўскі Іван Мартынавіч - на санях з’ездзіў за 30 км у мястэчка Лужкі і прывёз адтуль святара, які потым некаторы час жыў у сям’і маіх продкаў. І вось, працуючы ў архіве з метрычнымі кнігамі за 1939 год, сапраўды, знаходжу адзіны запіс за 12 лістапада 1939 года. Хрышчэнне нованароджанай дзяўчынкі Фаіны здзейсніў святар Лужкоўскай царквы а. Васілій Бекарэвіч.
У канцы 1945 года, пасля арышту язненскага святара Голасава Уладзіміра Сяргеевіча, указам архіепіскапа Мінскага і Беларускага Васілія (Ратмірава) протаіерэй Васілій Бекарэвіч быў прызначаны настаяцелем Язненскай царквы Дзісненскага раёна.
У царкоўным архіве захаваўся квіток ад 29 снежня 1945 года аб пералічэнні грошай у суме 1,5 тысячы рублёў у фонд абароны і на дапамогу інвалідам вайны за подпісам святара Васілія Бекарэвіча.
Язненцы памятаюць яго як вельмі даступнага і спагадлівага служыцеля Царквы, які як мог дапамагаў людзям. У цяжкі пасляваенны час прыхаджане часта заходзілі ў дом бацюшкі, бо ведалі, што тут не адмовяць у дапамозе, па-брацку падзеляцца апошнім кавалкам хлеба. Святара паважалі не толькі за сан, але і за яго шчырасць і дабрыню.
Сярод матэрыялаў царкоўнага архіва захавалася анкета, якую запаўняў айцец Васілій незадоўга да свайго арышту. У анкеце было пытанне пра дзяцей і іх заняткі. Дзяцей у сям’і Бекарэвічаў было пяцёра. Айцец Васілій называе імёны трох: сына Ігара - інжынера ў Польшчы, дачок Марыі і Алены. Бацька, як можа, стараецца абараніць сваіх сыноў, таксама святароў, і ў анкеце іх не ўказвае.
У той час старэйшы сын Васілія Сафронавіча - Віктар Васільевіч Бекарэвіч - аўтарытэтны, паважаны і адукаваны святар, служыў у Вілейскім раёне. Ён закончыў Віленскую духоўную семінарыю, вучыўся на багаслоўскім факультэце Варшаўскага ўніверсітэта, але вайна перашкодзіла вучобе. Меў урадавыя ўзнагароды за ўдзел ў Вялікай Айчыннай вайне. Некаторы час быў сакратаром Мінскага епархіальнага ўпраўлення. Апошнія гады служыў настаяцелем Аляксандра-Неўскай царквы на Вайсковых могілках у Мінску.
Другі сын - протаіерэй Алег Бекарэвіч - таксама ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Больш за 40 гадоў служыў у пасёлку Лісі Нос пад Санкт-Пецярбургам. Быў настаяцелем царквы ў гонар раўнаапостальнага князя Уладзіміра. Паводле слоў яго прыхаджан, «служыў айцец Алег шчыра, без штучнасці і тэатральнасці. Быў строгім у выкананні богаслужэбнага статута. Патрабавальны да іншых, але яшчэ больш - да сябе. Яго богаслужэнні адрозніваліся асаблівай урачыстасцю.... Да яго ішлі, як да роднага бацькі; калі ў чалавека здараецца бяда - адразу да яго. Айцец Алег і навучыць, і дапаможа. Ён ведаў кожнага прыхаджаніна, усё яго жыццё, усе яго непрыемнасці і напасці, дзе жыве, чым займаецца. Ён вельмі любіў народ, клапаціўся пра ўсіх».
Свяшчэннікі Бекарэвічы, бацька і сыны, многае перажылі ў сваім жыцці, але захавалі мудрасць і дабрыню, былі сапраўднымі пастырамі сваёй паствы. Таму і засталіся ў памяці тых, хто іх ведаў.

Ірына СТОМА. Царкоўнае слова. №1 2013 год
Звесткі даслаў Павел Лаўрыновіч

Нарадзіўся 4.04.1882 года ў сям’і сьвятара в.Чабатовічы Гомельскага п-та.
1898 - скончыў Гомельскае духоўнае вучылішча.
1905  -скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю - 2 разрад.
1905-09.1908 - настаўнік пачатковай школы м.Бобр Аршанскага п-та.
09.1908-1912 - настаяцель царквы с.Гурцы Магілёўскай губ-ні.
09.1908 - рукапаложаны ў сан сьвятара.
1912-18.10.1913 - настаяцель царквы Свяціцеля Мікалая Цудатворцы в.Папоўна Гомельскага п-та.
18.10.1913-1920 - настаяцель царквы Святога Духа в.Вялікія Дольцы Барысаўскага п-та.
1920-21.02.1924 - настаяцель царквы Нараджэньня Прасьвятой Багародзіцы в.Мільча Барысаўскага п-та.
21.02.1924-2.05.1928 - настаяцель Св.Пакроўскай царквы м.Беліца Лідскага п-та.
2.05.1928-1929 - 2-гі сьвятар царквы Свяціцеля Мікалая Цудатворцы с.Чэрэсы.
1929-16.04.1932 - настаяцель Успенскай царквы  в.Узла Вілейскага п-та.
16.04.1932-2.10.1935 - настаяцель Св.Іосіфаўскай царквы м.Ільля Вілейскага п-та.
2.10.1935 - прылічаны за штат.
8.07.1936-1945 - 2-гі сьвятар царквы Нараджэньня Прасьвятой Багародзіцы м.Лужкі (цяпер Шаркоўшчынскі р-н).
1945-15.07.1949 - настаяцель царквы Праабражэньня Гасподняга в.Язна.
15.07.1949 -  арыштаваны і асуджаны 6.09.1949 года Полацкім абласным судом да 25 гадоў ВПЛ. Пакараньне адбываў у ВПЛ Г.Ваўкавыск. Вызваліўся летам 1955 года і жыў у в.Латыгаль Вілейскага р-на ў сына-сьвятара, цяжка хварэў.
Памёр 14.07.1961 года. Пахаваны на гарадскіх могілках г.Вілейка.
22.09.1993 - рэабілітаваны Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь.
Бацька - Сафроній Аляксеевіч, протаіерэй - Свірыдавічы Рэчыцкага п-та.
Брат - Аляксандр, Магілёўская ДС, Санкт Пецярбургская ДА - кандыдат багаслоў’я.
Жонка - Аляксандра Сцяпанаўна Калпінская, вянчалісь 27.01.1906.
Сын - Віктар Бекарэвіч 24.11.1915-17.08.2002 Менск, мітрафорны протаіерэй - Ілія, Латыгаль, Менск, Вена.
Сын - Ігар.
Сын - Алег 6.05.1927-4.06.1997, мітрафорны протаіерэй - п.Лісій Нос (у межах Санкт-Пецярбурга).
Дачка - Марыя.
Дачка - Алена Голасава, замужам за протаіерэем Уладзімірам Голасавым (Язна).

Крыніцы інфармацыі:
Некралог. Журнал Маскоўскай Патрыярхіі №1 1961;
http://www.pstbi.ccas.ru/bin/db.exe/ans/nm/?TYZCF2JMTdG6Xbu-dOeUs8KWeCQUUe1Ve8iceG0FcCHUfeqiceXb**;
Hierarchia i kler kościoła prawosławnego w granicach II Rzeczypospolitej i Polski powojennej w XIX- XXI wieku - Ryboly - 2012;
Царкоўнае слова №1 2013 - “З роду Бекарэвічаў”, Ірына Стома.
MPAB111